|
Скарынаўскі Цэнтр - асветніцкая дзейнасць
Анатоль
Грыцкевіч У сярэдзіне ХІІІ ст. ва Усходняй Еўропе ўзнікла новая феадальная дзяржава, якой было наканавана існаваць некалькі стагоддзяў. Першапачатковым ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі беларускія землі верхняга і сярэдняга Панямоння, так званая Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні Віліі (цяперашнія раёны Вілейкі і Смаргоні). Назва дзяржавы замацавалася – Вялікае княства Літоўскае і Рускае, што адпавядае тэрміну ў беларускай гістарыяграфіі – Беларуска-Літоўскае гаспадарства на чале з вялікім князем – гаспадаром. Вялікае княства Літоўскае ўзнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з агрэсіяй нямецкіх рыцараў-крыжакоў і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне беларускіх зямель у склад новастворанай у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя дзяржавы мела добраахвотны характар. Яно ажыццяўлялася праз пагадненні вялікіх князёў літоўскіх. Як сведчаць гісторыкі, пачаткам Беларуска-Літоўскай дзяржавы быў палітычны саюз дзвюх галоўных сіл – мясцовага беларускага баярства і гарадоў з некаторымі князямі суседніх літоўскіх плямёнаў. Менавіта на падставе такога саюза і быў запрошаны адзін з літоўскіх князёў – Міндоўг у Наваградак (у летапісах – Ноўгародак), дзе была яго рэзідэнцыя. Чорная Русь з гарадамі Наваградак, Ваўкавыск, Горадня, Здзітаў і Слонім сталася першай тэрыторыяй новастворанай дзяржавы. Гэтыя падзеі адбываліся ў 40-х гадах ХІІІ ст. Афіцыйнага акту гэтага саюза і пачатку панавання Міндоўга ў Наваградку няма, бо хутчэй за ўсё такія саюзы ў ХІІІ ст. у гэтым рэгіёне не складаліся. Гэта была дамова, так бы мовіць, унутранага характару. У гэты перыяд вядомы пісьмовыя дагаворы міжнароднага маштабу. Паводле летапісаў, можна бачыць, што пачатак панавання Міндоўга ў Наваградку адносіцца да 1246 года. Больш вядомы паход аб’яднаных сіл мясцовых беларускіх і літоўскіх дружын на чале з Міндоўгам у 1248 г. у Літву і падпарадкаванне яе Міндоўгу. Трэба заўважыць, што звесткі, якімі карыстаюцца некаторыя аўтары (М.Ермаловіч і інш.) аб хрышчэнні Міндоўга і яго баяраў у 1246 г. паводле праваслаўнага абраду нельга прыняць як верагодныя. У познім Густынскім летапісе, складзеным у ХVІІ ст. у Густынскім манастыры на Палтаўшчыне, менавіта пра гэта гаворыцца. Аднак трэба ўлічыць абставіны, калі сладаўся гэты летапіс. На Украіне ішла барацьба паміж казакамі і большасцю ўкраінскага насельніцтва, якія адстойвалі не толькі незалежнасць, але і праваслаўе, і польскімі панамі і адміністрацыяй, у асноўным католікамі. У Густынскім летапісе і была адлюстравана гэтая барацьба, якая эстрапаліравалася на ХІІІ стагоддзе. Звесткі гэтага летапісу пра хрышчэнне Міндоўга “ад Усходу” (г.зн. паводле праваслаўнага абраду) не пацвярджаюцца ні ранейшымі летапісамі, ні тагачаснымі хронікамі. Першыя гады існавання новай дзяржавы праходзілі пад знакам змагання з Галіцка-Валынскім княствам, крыжакамі, яцвягамі і жамойтамі. На чале гэтай кааліцыі стаяла Галіцка-Валынскае княства. Князь Даніла Раманавіч Галіцкі намагаўся адабраць у Міндоўга Чорную Русь. Даніла і Васілька Раманавічы ў 1249 і 1250 гг. арганізавалі паходы на Наваградак і іншыя тэрыторыі новай дзяржавы. Адначасова ў 1250 г. з поўначы на тэрыторыю Беларуска-Літоўскае дзяржавы адбыўся паход лівонскіх рыцараў на чале з ландмайстарам Андрэем фон Сцірляндам. Становішча Беларуска-Літоўскай дзяржавы станавілася крытычным. Менавіта ў гэты час Міндоўг, каб разбурыць кааліцыю варожых сіл, пайшоў на рашучы, пераможны крок у сваёй палітыцы. На пачатку 1251 г. пасля папярэдніх перамоў Міндоўг разам з жонкай Мартай і двума малодшымі сынамі прыняў хрышчэнне паводле заходняга абраду. Абрад праводзіў Хрысціян-прэсвітэр Лівонскага ордэна. Пераход у каталіцтва Міндоўга, яго двара і той часткі яго войска, што складалася з літоўцаў-язычнікаў, быў праведзены пры пасрэдніцтве Лівонскага ордэна. Гісторыкі лічаць, што хрышчэнне адбылося ў Наваградку. Такім чынам, адзін з моцных ворагаў ператварыўся ў саюзніка першага Вялікага князя літоўскага. Варожая кааліцыя развалілася. Новая Беларуска-Літоўская дзяржава ліквідавала небяспеку сваёй незалежнасці. У гэты ж час былі атрыманы перамогі над яцвягамі і жамойтамі. Становішча Міндоўга ў Літве ўмацавалася. Палепшылася і становішча Беларуска-Літоўскай дзяржавы ў барацьбе з тагачасным галоўным праціўнікам – Галіцка-Валынскім княствам, якое працягвала вайну супраць Міндоўга. Звычайна гісторыкі падкрэсліваюць тактычную перамогу Міндоўга пры заключэнні пагаднення з крыжакамі. Аднак трэба прызнаць, што і крыжакі мелі карысць ад саюза з Міндоўгам. Міндоўг саступаў на карысць крыжакоў частку земляў жамойтаў і селонаў (дарэчы, якія яму не належалі). А гэта давала прававую магчымасць крыжакам заваёўваць землі балцкіх плямёнаў. Акрамя таго, Міндоўг абавязаўся не дапамагаць, як было раней, жамойтам і куршам. Тым не менш пагадненне з крыжакамі ўмацавала пазіцыі вялікага князя. Далейшыя падзеі была наступствам хрышчэння. У Мілан, дзе ў той час знаходзіўся Папа, разам з ордэнскімі пасламі было накіравана пасольства з лістамі ад Міндоўга з просьбай прыняць яго пад апеку Папы. Папа Рымскі Інакенцій ІV прыслаў булу, у якой гаварылася: “...каралеўства Літоўскае і ўсе землі здабыў ад няверных або ў будучым мог здабыць на права і ўласнасць святога Пятра і яго (Міндоўга – А.Г.) з жонкай, сынамі і ўсім дваром пад пратэкцыю і апеку апостальскай сталіцы вырашылі ўзяць”. Папа назваў Міндоўга “сынам святога рымскага касцёла”. Упершыню Папа назваў князя Міндоўга каралём, прызнаўшы такім чынам Літоўскую дзяржаву беларускай зямлі, дзяржава была названа Папаю каралеўствам. У другой буле Папы Рымскага, накіраванай да рыжскага, дэрпцкага і эзэльскага біскупаў, ён прасіў іх дапамагчы “каралю літоўскаму, які жадае павярнуць язычнікаў да веры”. Паслы Міндоўга прасілі ў Папы Рымскага дазволу на каранацыю князя наваградскага каралеўскаю каронай і атрымалі згоду. Прадстаўніком апостальскай сталіцы, якому Інакенці ІV даручыў каранаваць Міндоўга каралеўскай каронай, стаўся хэлмінскі біскуп Генрых. Каранацыя адбылася не адразу, бо Міндоўг у гэты час вёў вайну супраць Галіцка-Валынскага княства. Зручны для каранацыі момант надарыўся пазней. Урэшце 6 ліпеня 1253 г. у Наваградку адбылася цырымонія каранацыі. Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс пад рубрыкай “В лето 6760 (г.зн. 1252)”, “у той жа год вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны быў на каралеўства літоўскае ў Наваградку, з блаславення Папы Інакенція, праз Генрыка біскупа хэлмскага, у Прусах кардынала”. Адной каронай быў каранаваны Міндоўг , другой – яго жонка Марта. Каб не падпарадкавацца рыжскаму арцыбіскупу, Міндоўг прасіў Папу Рымскага ўтварыць асобную дыяцэзію для свайго каралеўства. Ужо 17 ліпеня 1251 г. Папа Інакенцій ІV даручыў хелмінскаму біскупу знайсці кандыдатуру на пасаду біскупа Літвы. З-за вайны з Галіцка-Валынскім княствам справа прызначэння зацягнулася. Па просьбе караля Міндоўга першым біскупам у Наваградку з 1252 г. стаўся Хрысціян. Новая дыяцэзія (біскупства) перайшло пад непасрэдную юрысдыкцыю апостальскай сталіцы. Праз некалькі гадоў біскупства было павышана да рангу арцыбіскупства (ужо пры Папе Аляксандры ІV). І каранацыя Міндоўга, і стварэнне асобнай дыяцэзіі для дзяржавы з падпарадкаваннем рымскай курыі ўмацавалі становішча Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Яны з’явіліся актамі дзяржаўнага значэння, прызнанымі апостальскай сталіцай і еўрапейскімі краінамі. Нават далейшыя палітычныя падзеі не змянілі стасункаў гэтых краін з новай дзяржавай. Яна была прызнана ў Еўропе, і хоць пераемнікі ўлады не насілі каралеўскага тытулу, аднак у гісторыі гэты дзяржаўны акт застаўся як сцвярджэнне існавання самастойнай беларускай дзяржавы. |
||||||||||||