ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Ядвіга Аношка (Мінск)
«Малая Радзіма» І. Дамейкі

Акрамя месца нараджэння І. Дамейкі (в. Мядзвядка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці), шмат іншых мясцін на тэрыторыі Беларусі ў межах Гродзенскай і Брэсцкай абласцей звязаны з яго імем. Тут ён правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады, тут пражыў амаль 4 гады ў сталым узросце, прыехаўшы з Чылі ў 1884 г. Тут яго карані, тут пахаваны бацька і маці, іншыя родныя і сваякі. Гэтыя мясціны сёння прыцягваюць да сябе шматлікіх гісторыкаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў. Сюды прыязджаюць не толькі з Беларусі і Польшчы, але і з Францыі, Аўстраліі, Чылі і іншых краін свету. Удалося адшукаць больш за 200 нашчадкаў і сваякоў знакамітага вучонага. Некаторыя з іх ужо неаднойчы прыязджалі ў Беларусь. Сапраўды, зямля продкаў мае велізарную прывабную сілу.

Царызм не дазволіў І. Дамейку аддаць свой талент на карысць роднай зямлі і роднага народу. Высока ацэнены яго ўклад у развіццё Чылі. Там яго называюць апосталам навукі і лічаць палякам, у Беларусі палякі збіраюць экспанаты для музеяў. І. Дамейка ўсім cваім жыццём заслужыў права на памяць і помнік на роднай зямлі.

Трэба адзначыць, што асабліва багатыя на сувязь з імем і родам Дамейкаў Гродзеншчына (Карэліцкі, Навагрудскі, Лідскі, Дзятлаўскі, Шчучынскі р-ны) і Брэстчына (Баранавіцкі р-н).

Карэліцкі раён

Вёска Мядзвядка, 15 км ад г. п. Мір. Тут 31 ліпеня 1802 г. нарадзіўся І. Дамейка. Тут праходзіла яго сталенне. У старой уніяцкай царкве ён прыняў першае прычасце, разам з бацькамі і сялянамі ўдзельнічаў у святочных працэсіях. Да моманту прыезду на радзіму (1884) сядзіба была канфіскавана (мал. 1), царква зачынена і занядбана. Усю вёску прымусам навярнулі ў праваслаўе. Народ не хадзіў ні ў царкву, ні ў касцёл. У 1997 г. (да 195-годдзя з дня нараджэння) у школе адкрыты музей І. Дамейкі (мал. 2). У цэнтры вёскі ўсталяваны памятны знак (мал. 3), разбіты сквер, імем І. Дамейкі названа цэнтральная вуліца.

Горад Карэлічы, 194 км на ў ад Гродна. У краязнаўчым музеі знаходзіцца стэнд, прысвечаны І. Дамейку (мал. 4).

Г. п. Мір, 26 км на ПдУ ад Карэлічаў. Каля парафіяльнага ўніяцкага касцёла св. Мікалая з левага боку ад уваходу пахаваны бацька вучонага Іпаліт Ануфрыевіч Дамейка — старшыня Навагрудскага земскага суда. Пасля скасавання ўніяцтва касцёл быў перададзены праваслаўным, і шмат дошак з надпісамі, што былі на ўнутраных і вонкавых сценах, знікла. Невядома, ці была дошка, прысвечаная І. А. Дамейку.

Вёска Далматоўшчына, 20 км на Пд ад Карэлічаў. Сядзіба, дзе раней жыла сястра Марыя (па мужу Вярбоўская). Побач з асноўнай сядзібай знаходзіўся маленькі домік, у якім, пасля вяртання са ссылкі, знайшлі прытулак сябры І. Дамейкі Ян Чачот (пражыў тут 3 гады) і Тамаш Зан.

Дзятлаўскі раён

Вёска Жыбуртоўшчына, 12 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня. Маёнтак дзядзькі Ігната Дамейкі. Ён жыў тут у дзяцінстве пасля смерці бацькі. У 1823 г. пасля арышту быў сасланы спачатку ў Заполле (Лідскі р-н), а потым у Жыбуртоўшчыну пад нагляд паліцыі ў сувязі з прыналежнасцю да таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Тут Дамейка вучыўся гаспадарыць. Дзядзька яго меў агранамічную адукацыю. Затым гаспадыняй стала дачка Ганна, якая выйшла замуж за Леана, сына дзядзькі Ігната. Прыехаўшы на радзіму, ён правёў у Жыбуртоўшчыне амаль 4 гады, з 1884 да 1888 гг. У гэты перыяд ён актыўна ўдзельнічаў у жыцці сваякоў і суседзяў. Залаты медаль з выявай І. Дамейкі ў знак удзячнасці ўраду Чылі быў высланы ў Жыбуртоўшчыну праз пасольства Чылі ў Парыжы на адрас: «Ігнасіё Дамейка, Жыбур, Літуанія».

Вёска Азяраны, 11 км на ПдУ ад чыгуначнай станцыі Наваельня. Раней належала дзядзьку Юзафу, выпускніку Горнай акадэміі ў Фрайбергу (Германія), які першы абудзіў у будучага вучонага цікавасць да мінералогіі. Гаспадарыў тут сын Юзафа — таксама Ігнат. Падчас прыезду ў 1884 г. І. Дамейка наведаў сваякоў і мясцовыя могілкі.

Вёска Норцавічы, 5 км на Пн ад г.п. Дзятлава. Вёска этнічна літоўская. Тут пахаваны дзядзька Юзаф — геолаг і мінералог.

Лідскі раён

Вёска Крупава, 10 км на ПнЗ ад Ліды. У сярэдняй школе створаны музей І. Дамейкі. Экспазіцыю ўдалося зрабіць, дзякуючы Варшаўскаму музею Зямлі. Цэнтральная вуліца Лідская перайменавана ў вуліцу І. Дамейкі.

Вёска Заполле, на Пд ад Крупава. Гаспадарка дзядзькі Ігната Дамейкі. У 1818–1819 гг. Дамейка праводзіў тут канікулы. Сюды ён быў сасланы ў 1823 г. пасля царскага суда над членамі тайнага таварыства філаматаў. Тут І. Дамейка вучыўся гаспадарыць. У Заполлі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і мастацтваў Польшчы ўстаноўлены абеліск з памятнай дошкай.

Горад Шчучын, 68 км на ў ад Гродна. Сюды ў 1812 г. прывёз Ігната дзядзька Юзаф Дамейка, які вучыўся ў Горнай школе ў Нямеччыне. Тут, у Шчучынскай піярскай школе, падпарадкаванай Віленскаму ўніверсітэту, I. Дамейка вучыўся ў 1812–1816 гг. Паступіў адразу ў 3 клас (усяго было 6). Вывучаў класічныя мовы і ўдасканальваў родную. Батанічны сад, закладзены ў Шчучыне Станіславам Юндзілам, заснавальнікам геалогіі Літвы, быў першым на Віленшчыне.

Горад Навагрудак, 162 км на ў ад Гродна. Сюды І. Дамейка наведваўся неаднаразова: падчас запольскай ссылкі, рабіў замалёўкі руінаў палаца Міцкевічаў. У Доме-музеі А. Міцкевіча есць партрэт І. Дамейкі работы А. Кашкурэвіча.

Баранавіцкі раён

Вёска Сачыўкі, 10 км на ПнЗ ад Баранавічаў, на беразе Шчары. Радавое гняздо продкаў па матчынай лініі. У 1821 г. маці атрымала ў спадчыну маёнтак брата Станіслава Анцуты. Пераехала ў Сачыўкі, аддаўшы Мядзвядку сынам Адаму і Казіміру. Жыла тут у дачкі Антаніны (па мужу Язерскай). У дзяцінстве І. Дамейка часта гасцяваў тут у сваёй бабулі. У 1831 г. ён апошні раз развітаўся з маці, якая памерла ў 1832 г. і пахавана ў Сачыўках. І. Дамейка, прыехаўшы з Чылі ў 1884 г., наведаў маёнтак і магілу маці. Захаваўся паркавы ансамбль.

Вёска Крошын, 15 км на ПнЗ ад Баранавічаў, на р. Шчара, чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы–Мінск. Пры мясцовым касцёле пахавана сяестра Антаніна (Язерская). Касцёл разбураны, а ў 1920 г. на гэтым месцы пабудаваны новы храм. У 1884 г. І. Дамейка разам з сябрам-філаматам А. Адынцом пасадзілі 2 дубкі ў памяць пра сябе і А. Міцкевічу. Потым каля дубкоў быў устаноўлены камень з выбітым надпісам — вершам А. Адынца. Надпіс зрабіў мясцовы каваль, беларуекі паэт-дэмакрат П. Багрым. Ён тут нарадзіўся і пахаваны. І сёння дуб ахоўваюць землякі. У Крошынскім касцёле да гэтага часу знаходзіцца вялікая прыгожая люстра (жырандоль), зробленая П. Багрымам.

Вёска Паланэчка, 7 км на ПдЗ ад Мядзвядкі, на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Тут у Юр’еўекім касцёле хрысцілі I. Дамейку. На месцы старога будынка ў 1899 г. ўзведзены новы храм.

Вёска Сталавічы, 7 км ад Баранавічаў. Тут праходзілі фэсты на дзень св. Ганны і сталавіцкія кірмашы, якія захаваліся ў памяці з дзяцінства. Барочны касцёл мальтыйскага ордэна XVIII ст. пасля паўстання 1863 г. перабудаваны пад праваслаўную царкву.

Вёска Бортнікі, 25 км на ПнЗ ад Баранавічаў. Маёнтак, дзе жылі блізкія сваякі — Слізні, вядомыя сваёй грамадскай і літаратурнай актыўнасцю. Брат І. Дамейкі Адам быў жанаты з Юзяй Слізень. Ота Слізень — філамат. Тут збіраліся філарэты, часта гасцявалі Т. Зан і Я. Чачот. І. Дамейка наведаў Бортнікі ў жніўні 1884 г.

Вёска Туганавічы (Карчова), 35 км на Пн ад Баранавічаў. Маёнтак блізкіх савякоў Верашчакаў. У 1815–1820 гг. тут гасцявалі А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамейка. Тут адбылося знаёмства стрыечнай сястры Ігната Марыі Верашчакі з А. Міцкевічам. Маляўнічы туганавіцкі парк. Ва ўрочышчы Кут ляжыць валун «Камень філарэтаў» (мал. 6).

Апісаныя вышэй 17 населеных пунктаў на беларускай зямлі, верагодна, не складаюць поўны пералік месцаў, звязаных з жыццём I. Дамейкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

 

Jadviha Anoška
The Homeland of I.  Damiejka

The author shortly but intensionaly describes the places related to I. Damiejka and his genealogy. There is description of 17 settlements in Belarus which save the spirit of  creative work and perpetuate the memory of the famous scientist. There is no doubt that the Homeland of Damiejka is of historical value for the study of our country legacy.