|
Скарынаўскі
Цэнтр - выданні:
Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)
Зміцер
Яцкевіч (Мінск) Упэўнены ў тым, што гісторыя малой радзімы Ігната Дамейкі даўно вядома і распрацавана польскімі альбо нашымі даследчыкамі, я быў здзіўлены, даведаўшыся пра адваротнае. У энцыклапедыі гісторыі Беларусі і іншых выданнях падобнага кшталту пра гэтую мясцовасць нічога няма. У кн. 11 “Беларусікі” быў надрукаваны грунтоўны артыкул Святланы Словік, які апавядае пра гісторыю канфіскацыі маёнткаў пасля паўстання 1830—31гг.1 На жаль, матэрыялы гэтага зборніка не дайшлі да аўтараў артыкула па Вялікай Мядзведцы ў кнізе “Памяць” Карэліцкага раёна2. Там у асноўным прадстаўлена гісторыя гэтай мясціны ў ХХ ст., крыху ў ХІХ і два сказы пра XVІІ—XVІІІ стст. У прыватнасці, паведамляецца: “У XVІІ—XVІІІ стст. сяло Навагрудскага павета. У 1777 г. 24 дымы, карчма, млын-вятрак. У 1799 г. 27 дымоў, праваслаўная царква. Фальварак Мядзведка быў у Мірскім графстве. У 1777—1779 гг. у маёнтак уваходзілі панскі двор і сяло Вялікая Мядзведка”3. На жаль, польскія аўтары, у прыватнасці Збігнеў Вуйцік, карыстаюцца толькі інфармацыяй з успамінаў самого І. Дамейкі4. Асобныя звесткі пра ўладальнікаў Мядзведкі можна знайсці ў “Малым гербоўніку наваградскай шляхты”5, а таксама ў даведніку “Праваслаўныя храмы на Беларусі”6. Але гэтага, зразумела, зусім недастаткова, таму мы звярнуліся да архіўных крыніц, якія захоўваюцца э Нацыянальным гістарычным архіве (далей НГАБ). У першую чаргу, гэта актавыя кнігі Наваградскага земскага суда, а таксама візітаый уніяцкіх храмаў, якія ўтрымліваюць невядомыя дакументы па гісторыі маёнтка Мядзведка7. Самую раннюю пісьмовую згадку пра Мядзведку нам удалося адшукаць у рэестры дакументаў па маёнтку Мядзведка, які быў складзены 20.09.1769 г. Яна тычыцца набыцця маёнтка Францішкам Яблонскім, былым чашнікам Навагрудка. Рэестр быў актыкаваны ў Наваградскім земскім судзе Гіпалітам Корсакам, стольнікам навагаудскім. Першым у ім зафіксаваны “Падзел грунтаў маёнткаў Мядзведка і Астраўкі” паміж роднымі братамі Марцінам і Адамам Пратасовічамі, які адбыўся 8.05.1636 г.8 Безумоўна, маёнтак або вёска Мядзведка існавала і да 1636 г. Наступны дакумент датуецца 9.04.1679 г. Гэта акт перадачы ў спадчыннае валоданне маёнтка Мядзведка Янам і ягонай жонкай Соф'яй (з Касакоўскіх) Пратасовічамі, войскімі наваградскімі, і панам Дубровам (Дамброва) родным братам Мікалаю і Самуэлю Пратасовічам9. Пры гэтым згадваецца і інвентар маёнтка, і інтрамісія (увод у валоданне). На жаль, дадзеныя дакументы не ўдалося адшукаць. Магчыма, яны наогул не захаваліся. У фондзе Мінскай праваслаўнай кансісторыі нам удалося адшукаць унікальны дакумент – візітпцыі уніяцкіх храмаў за 1680 г. Там у Нясвіжскай пратапопіі ёсць візітацыі царквы Нараджэння Панны Марыі ў в. Астраўкі, складзеныя 12.12.1680 г. У прыходзе гэтай царквы была 1000 прыхаджан і ў яго ўваходзіла ўжо дзве вёскі Мядзведкі. Такім чынам, гэта першая згадка пра дзве асобныя вёскі10. Затым 26.05.1685 г. адбыўся акт перадачы маёнтка Мядзведка ад Тамаша Пратасовіча з жонкай Мікалаю Пратасовічу; пры гэтым быў складзены інвентар11. Згодна тэстаменту Соф’і Пратасовіч ад 6.06.1686 г. пяць валок згаданага маёнтка з 2 халопамі перадаваліся таксама Мікалаю Пратасовічу12. У 1692 г. маёнтак Мядзведка быў набыты Рымшамі за 14 тыс. злотых13. У фондзе Навагрудскага земскага суда захавалася актыкацыя ад 5.09.1782 г. з кніг Галоўнага Трыбунала ВКЛ інвентара маёнтка Малая Мядзведка, складзенага 13.10.1692 г. пры продажы Мікалаем Пратасовічам, падстоліем мазырскім, Тэафілу Рымшу, стольніку чарнігаўскаму, і яго жонцы Тэадоры Цэдроўскай14. Вось вытрымка з гэтага інвентара. “…Двор Малая Мядзведка: Дом вялікі з сенцамі, ганкам і дзвярыма на завесах. Хата сталовая з трыма шклянымі вокнамі і бакавой каморай. Другая хата насупраць з бакавой каморай на ганку. На двары піўніца, рублены свіран, праз двор пякарня, рубленыя бровар і спіхлеж, і два гумны, асець, адрына, стайня, рубленыя аборы, ды сырніца. Усё з завесамі жалезнымі. Падданыя: 1. Лаўрын Фурс 0,5 валокі, конь, 2 валы. 2. Кандрат Лісоўскі 0,5 вал., конь, 2 валы. 3. Сцяпан Кідрон 0,5 валокі, конь, 2 валы. 4. Яська Рыбак 0,5 валокі, конь, 2 валы. 5. Супрон Лісоўскі 0,5 валокі, конь, 2 валы. 6. Яська Рыбак 0,5 валокі, конь, 2 валы. 7. Яська Адасчык 0,5 валокі, конь, 2 валы. 8. Сцяпан Солтан 0,5 валокі, конь, 2 валы. 9. Банук Шлык 0,5 валокі, конь, 2 валы. 10. Лук’ян Кідрон 0,5 валокі, конь, 2 валы. 11. Васіль Ткач 0,5 валокі, конь, 2 валы. 12. Яська Мазур 0,5 валокі, конь, 2 валы. 13. Касцюк Цівун 0,5 валокі, конь, 2 валы. 14. Лазар 0,5 валокі, конь, 2 валы. 15. Мацей Шымковіч 0,5 валокі, конь, 2 валы. 16. Раман 0,5 валокі, конь, 2 валы. 17. Паўлюк Орлік 0,5 валокі, конь, 2 валы. 18. Даніла Рыбачок 0,5 валокі, конь, 2 валы. 19. Варабей Словік 0,5 валокі, конь, 2 валы. 20. Салавей 0,5 валокі, конь, 2 валы. Янка і Яська Драдзічкі Інвентар складзены ў Астраўках 2.10.1692 г. Пісаны ў Наваградку”15. Дзякуючы інвентару 1692 г. мы маем магчымасць уявіць сабе, якім быў двор у маёнтку Малая Мядзведка. З акту продажу відавочна, што ў маёнтку былі агароды з гароднінай і хмелем, якія ўваходзілі ў яго. У вёсцы на той час было 20 хат, гаспадары якіх апрацоўвалі 10 валок зямлі (каля 220 га). Кожны меў па 1 каню і 2 валы. Толькі Янка і Яська не мелі хат і маёмасці. Заўважым, што толькі некалькі чалавек (Лазар, Раман) не мелі ўласных прозвішчаў. Варта звярнуць увагу і на факт першага дакументальнага ўжывання наймення Малая Мядзвядка. Пры продажы маёнтка Рымшам быў выдадзены шэраг квітацыйных лістоў ад Францішка і Самуэля Пратасовічаў. Гедэон Тэафіл Рымша прадаў 28.02.1757 г. свае часткі маёнтка Мядзведка Станіславу і ягонай жонцы Марыяне з Рымінскіх Рымшаў. Апошнія, у сваю чаргу, разам з родным братам Мікалаем прадалі 14.05.1761 г. маёнтак Мядзведка Гіпаліту Корсаку, сурагатару наваградскаму. У гэтым жа годзе 24.04. быў складзены інвентар на ўвесь маёнтак Мядзведка, а ў 1762 г. Станіславам Рымшам быў выдадзены шэраг квітацыйных лістоў16. На працягу XVІІІ ст. асобныя часткі маёнтка Мядзведка арандаваліся або былі ў заставе Ваяводскіх, Бачынскіх, Вольскіх і іншых17. Як адзначалася вышэй, 20.09.1769 г. маёнтак Мядзведка набыў Францішак Яблонскі, чашнік наваградскі18. Паводле візітацыі уніяцкай царквы ў в. Астраўкі ад 26.03.1784 г. у Вялікай Мядзведцы было 20 хат, 120 мужчын і 70 жанчын, у Малой Мядзведцы адпаведна 18 хат, 72 мужчыны і 50 жанчын, здольных і няздольных да споведзі19. Пасля візітацыў 1793 г. у Вялікай Мядзведцы было ўжо 40 хат, а ў Малой – 1920. (Больш падрабязную інфармацыю гл. у табліцах). Прыход уніяцкай царквы Астраўкі Наваградскага павета
Колькасць жыхароў у Вялікай і Малой Мядзведках на 1784 і 1793 гады паводле візітацый уніяцкай царквы ў в. Астраўкі.
З. Вуйцік ў сваёй манаграфіі спасылаецца на ўспаміны І. Дамейкі і сцвярджае, што ў Мядзведцы існаваў хатні касцёл. Вось што ён піша: “W 1884 r., w pіerwszych godzіnach po przyjeźdzіe do rodzіnnej Nіedźwіadkі, przecіeż pobіegł do domowego koścіołka, by znów przypomnіeć sobіe nіektóre obrazy z dzіecіństwa: Koścіołek, w którym – mając lat dzіewіęć – do pіerwszej komunіі byłem przygotowany і gdzіe od lat najrańszych – jak mogę pamіętać – co nіedzіela była msza, śpіewano suplіkacje, godzіnkі, kantyczkі, a każde koścіelne śwіęto było tak pіękne, urocze і wesołe, był już od 20 lat, od narzucenіa prawosławіa na unіckіch włoścіan Nіedźwіadkі, zamknіęty”21. Нам падаецца, што дадзеная інфармацыя не зусім дакладная, тым больш яе інтэрпрэтацыя. Па-першае, палякі касцёлам называюць не толькі каталіцкія, але і уніяцкія і праваслаўныя храмы. Па-другое, у маёнтку Дамейкаў не было касцёла. Па-трэцяе, паводле згаданных візітацыяў уніяцкіх храмаў за 1784, 1793 гг. у в. Вялікая Мядзведка згадваецца уніяцкая капліца, якая была прыпісной да царквы ў в. Астраўкі22. Апошняя была пабудавана з дапамогай уладальніка Мядзведкі Францішка Яблонскага пасля 1769 г. Вось як апісвалі яе візітатары ў 1784 і 1793 гг.: “Капліца Узнясення Гасподняга і пратэкцыі найяснейшай Дзевы Марыі ў в. Мядзвядзка ў каляцыі вяльможнага Францішка Яблонскага, суддзі гродскага наваградскага. Добра збудаваная, брусаваная, гонтай крытая, з двума вялікімі жалезнымі купаламі і крыжамі. Бабінец з 2-ма дзвярыма: на металічных завесах з унутраным замком, другія з драўляным засовам. Падлога і столь з тарчыц, вокнаў з дрэва зробленых шэсць. Хары і парэнчы перад алтаром упрыгожаны тачонымі балясінамі. Да царквы прымыкаюць дзве рызніцы на жалезных завесах. Вялікі алтар і два бакавыя сталярскай работы, таксама памаляваныя. У вялікім алтары ў Дзевы Марыі срэбная карона ды пара фіранак кітайчаных белых, менса маляваная, сталярскай работы, драўляны маляваны антыпендыум, тувальня з цыборыўмам сталярскай работы ў срэбнай скрыні пазалочанай, тры пары маляваных драўляных ліхтароў, шэсць пар лавак сталярскай работы. П. Фр. Яблонскі трымае капелана. Могілкі вакол царквы даволі значныя, неагароджаныя, з брусаванай званіцай, у якой два званы. Пры царкве ў 1793 г. існавала брацтва”23. Зразумела, што гэтае невялічкае даследаванне па гісторыі малой радзімы І. Дамейкі не дае поўнай карціны яе гаспадарчага, сацыяльнага і рэлігінага развіцця. Гэта першыя штрыхі да яе партрэту. Нават тыя матэрыялы, што ўвайшлі ў гэты артыкул, пакідаюць шэраг разнастайных пытанняў. Упэўнены, што ў архіве чакаюць свайго даследчыка яшчэ шмат дакументаў, якія неабходна адшукаць, расчытаць і апрацаваць. [1][1] Словік С. З гісторыі сядзіб сям’і Дамейкаў па матэрыялах Гродзенскага нацыянальнага гістарычнага архіва // Беларусіка-Albaruthenіca. Мн., 1998. Кн. 11. 2 Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000. 3 Тамсама. С. 594. 4 Wójcіk Z. Іgnacy Domeyko: Lіtwa. Francja. Chіle. Warszawa; Wrocław,1995. 5 Малы гербоўнік наваградскай шляхты. Мн., 1997. 6 Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі. Мн., 2001. 7 НГАБ, ф.136, воп.1, спр. 41248, 42042; ф. 1774, воп. 1, спр. 13—15; ф. 3235, воп. 7, спр.3. 8 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 14, арк. 27—28. 9 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 14, арк. 28. 10 Тамсама. Ф. 136, воп. 1, спр. 42042, арк. 87 адв.—88 адв. 11 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 14, арк. 28. 12 Тамсама. 13 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 13, арк. 672—673 адв. 14 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 13, арк. 672. 15 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 13, арк. 672 адв. 16 Тамсама. Ф. 1774, воп. 1, спр. 14, арк. 30. 17 Тамсама. 18 Тамсама, Ф. 1774, воп. 1, спр. 14, арк. 27. 19 Тамсама. Ф. 3245, воп. 7, спр. 3, арк. 119—123 адв. 20 Тамсама. Ф. 136, воп. 1, спр. 41248, арк. 1—3 адв 21 Wójcіk Z. Іgnacy Domeyko. S. 42—43. 22 НГАБ, ф. 136, воп. 1, спр. 41248, арк. 3—3 адв.; ф. 132, воп. 7, спр. 3, арк. 123—123 адв. 23 Тамсама. |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||