|
Скарынаўскі
Цэнтр - выданні:
Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.) Эдуард
Дубянецкі (Мінск) Ігнат Дамейка – сусветна вядомы сын беларускага народа, які па волі лёсу ўнёс прыкметны ўклад у навукова-культурную спадчыну далёкай паўднёва-амерыканскай Чылійскай рэспублікі. Ён быў універсальнай, энцыклапедычна адукаванай асобай. Таму яго ва ўсім свеце прызнаюць найперш як выдатнага вучонага ў галіне геалогіі і мінералогіі, педагога, інжынера, асветніка, грамадскага дзеяча. Асобныя даследчыкі з большай ці меншай доляй абгрунтаванасці называюць Дамейку таксама пісьменнікам, філосафам, этнографам і нават лінгвістам-практыкам1. Яшчэ нашага земляка можна лічыць, на мой погляд, мемуарыстам, фалькларыстам, падарожнікам, сапраўдным паліглотам, бо ён свабодна валодаў беларускай, польскай, французскай, іспанскай мовамі, прычым на дзвюх апошніх мовах пісаў свае навуковыя працы, чытаў публічныя лекцыі. Пра адметныя рысы ментальнасці (спосабу мыслення, складу розуму) Ігната Дамейкі можна рабіць высновы на падставе вывучэння яго жыццёвага шляху, творчай дзейнасці, апублікаваных навуковых прац, мемуарных твораў. Найперш варта адзначыць рацыянальны, навуковы характар яго мыслення, аб чым сведчаць атрыманая ім грунтоўная адукацыя і мноства праведзеных навуковых даследаванняў. Як вядома, ён вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага універсітэта, затым у Сарбонскім універсітэце (Парыж). І. Дамейка таксама прымаў удзел у дзейнасці тайнага таварыства “філаматаў”, асноўнымі лозунгамі якога былі айчына, навука, дабрачыннасць2. Пазней, пераехаўшы на сталае месца пражывання ў Чылі, ён плённа і аактыўна займаўся навукова-асветніцкай дзейнасцю. Там “Дон Ігнаціо” (так яго паважліва называлі чылійцы) чытаў лекцыі ва універсітэце, вучням у школе, арганізоўваў курсы па вывучэнні хіміі і фізікі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, стварыў заалагічную калекцыю, удзельнічаў у рэфармаванні сталічнага універсітэта ў Сант’яга. За выдатныя навуковыя заслугі Дамейку абралі ганаровым членам шматлікіх навуковых таварыстваў. Яго працы неаднаразова публікаваліся ў розных краінах свету, а навуковыя даклады і паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук. Таму невыпадкова, што адным з найбольш трапных вызначэнняў Дамейкі было словазлучэнне “Грандэ Адукатар” (“Вялікі Асветнік”). У той жа час у ментальнасці Дамейкі адыгрывалі даволі важную ролю і рэлігійныя ўяўленні, погляды. Унутраная глыбокая рэлігійнасць заўсёды была яму ўласцівая. Яшчэ ў юнацкія гады ён скончыў піярскую школу ў Шчучыне, дзе добра засвоіў асноўныя рэлігійныя догматы, асновы тэалогіі. Як сведчаць яго творы і ўспаміны, ён ва ўсе часы і ў любых мясцінах стараўся наведваць хрысціянскія храмы, маліцца, звяртацца да Бога за дапамогай у розных жыццёвых сітуацыях. У сваім этнаграфічным нарысе “Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў” Дамейка з сумам гаворыць пра тое, што “сёння ўжо вялікая частка сям’і і сяброў адышла ў свет, у які цяпер ты можаш дастукацца толькі малітвай, толькі просьбай да Бога пра іх вечны спачынак”3. Яшчэ адной рысай ментальнасці Дамейкі можна лічыць патрыятызм, трывалае “ўкараненне” ў свядомасці ўяўленняў аб сваёй першай Радзіме, дзе ён нарадзіўся і вырас. Нягледзячы на тое, што Дамейка прыблізна тры чвэрці свайго жыцця правёў у Чылі, у глыбіні душы ён заўсёды заставаўся патрыётам сваёй Бацькаўшчыны-Беларусі, успамінаў, марыў пра яе, хацеў абавязкова пабачыць. Аднак ажыццявіць гэтую даўнюю мару яму ўдалося толькі ў канцы свайго жыцця, ва ўзросце 82 гадоў. У кнізе “Мае падарожжы: Успаміны выгнаніка” Дамейка так гаворыць пра свае пачуцці перад сустрэчай з Радзімай (жнівень 1884 г.): “З кожным новым днём расло ў маім сэрцы нясцерпнае жаданне як найхутчэй убачыць наш родны дом у Літве, маю радню”4. У цэлым Дамейку можна лічыць сапраўдным патрыётам адразу двух краін – Беларусі (ці “Літвы”, паводле вызначэння самога Дамейкі) і Чылі. Таму невыпадкова, што на Міжнароднай навуковай сесіі (Сант’яга, красавік 2002 г.) першым словам, якім быў ахарактарызаваны наш суайчыннік, было менавіта “Патрыёт”5. Ігнат Дамейка быў надзвычай энергічным чалавекам-стваральнікам. Усё жыццё імкнуўся ён адкрываць нешта новае, цікавае, а потым несці набытыя веды людзям, што ён і рабіў у сваіх шматлікіх лекцыях, сустрэчах, на занятках з вучнямі, слухачамі. Выклікае асаблівую павагу той факт, што наш зямляк ніколі не здаваўся перад шматлікімі выпрабаваннямі, цяжкасцямі. Нават пасля вымушанага ад’езду з роднай беларускай зямлі ён даволі хутка зрабіў выдатную навуковую і службовую кар’еру на далёкай новай радзіме. Менавіта такіх самаахвярных, таленавітых, патрыятычна настроеных людзей нам усім цяпер трэба шанаваць, заўсёды памятаць пра іх навуковы і грамадзянскі подзіг, раўняцца на іх у сваім паўсядзёным жыцці, звяраць з імі свае ўчынкі і паводзіны, і, нарэшце, годна працягваць іх высакародную справу. 1 Мальдзіс А. Тры Радзімы Ігнацага Дамейкі // Кантакты і дыялогі. 2002. № 7—8. С. 59. 2 Доўнар Т.І. Дамейка Ігнат Іпалітавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. Мн., 1995. С. 408. 3 Дамейка І. Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў // Філаматы і філарэты: Зб. Мн., 1998. С. 289. 4 Дамейка І. Мае падарожжы: Успаміны выгнанніка // Філаматы і філарэты. С. 310. 5 Гл.: Кантакты і дыялогі. 2002. № 7—8. С.59. |
||||||||||||||