ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Анатоль Грыцкевіч (Мінск)
Радавод Ігната Дамейкі

На Беларусі і Літве ў дакументах XVII—XIX  стст. занатавана пяць шляхецкіх родаў з прозвішчам Дамейка, кожны з розным гербам. Славуты наш зямляк Ігнат Дамейка і яго род належаў да герба “Дангель” з адмысловым малюнкам1. Дамейкі карысталіся родавым прыдомкам Контрым, таму называліся нярэдка Контрым-Дамейкамі2 .

Як сведчыць знакаміты спецыяліст па генеалогіі шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага Адам Банецкі, вядомы продак гэтага роду Шыман (Сымон) Дамейка паходзіў з Жамойціі. Пра гэта гаворыцца ў прывілеі вялікага князя і караля Уладзіслава Вазы 1645 г.3 Сын Шымана Юрый (Ежы) Казімір памёр у 1682 г. і быў пахаваны ў Кулішках. Брат Юрыя Казіміра Крыштоф атрымаў ад брата ў спадчыну маёнтак. Сын Крыштофа Юрый (Ежы) Казімір Дамейка ў 1695 г. вёў судовую справу ў жамойцкім гродскім судзе з  Вайшвіламі, якія забралі маёнтак яго дзядзькі Юрыя Казіміра. Ен валодаў закладным фальваркам Заблотна і ў 1730 г. меў тытул стражніка інфлянцкага4.

Юрый Казімір Дамейка быў жанаты з Кацярынай Княжыцкай (у другім шлюбе яна была замужам за Залескім). У іх былі дачка Апалонія, жонка Рацэвіча, і сыны Францішак (памёр да 1779) і Казімір Ануфры (нарадзіўся ў 1725). Гэтая сям’я ўжо ўсталявалася ў Беларусі. Дакументы Дамейкаў сведчацца ў судах беларускіх паветаў, перш за ўсё ў Лідзкім, Віленскім і Наваградскім. Казімір Ануфры, або проста Казімір, у актах Пінскага гродскага суда ў 1767 г. запісаны як скарбнік інфлянцкі і каралеўскі камісар віленскі. Жонкай Казіміра Дамейкі была Багуміла Адахоўская (яе маці паходзіла з сям’і Свентажэцкіх). У 1777 г. гэтая сямейная пара ўзяла ў заклад ад Міцкевічаў фальварак  Задарожжа ў Мінскім ваяводстве5.

У 1779 г. Казімір Дамейка склаў тэстамент, у якім распарадзіўся сваёй маёмасцю і пералічыў сваіх дзяцей, якіх было дзевяць. Сыны Казіміра былі прызнаны ў дваранстве Вілейскай вывадовай дэпутацыяй. Дачка Іаанна пазней была замужам за Андрэем Алэндзкім, ротмістрам старадубскім. Сын Казіміра Тадэвуш, мечнік мсціслаўскі ў 1788 г., падсудак Віленскага павета ў 1801 г. і падкаморы ў 1817 г. Другі сын Казіміра Антоні Гіпаліт (ужываў імя Гіпаліт) – гэта бацька нашага знакамітага земляка, нарадзіўся ў 1764 г. (пра што сведчыць метрыка, выдадзеная ў Заслаўі). Памёр у 1809 г. Быў старшынёй  Наваградскага земскага суда. Уладальнік маёнтка Мядзвядкі, у 15 км ад Міра (цяпер Карэліцкі раён), над берагам ракі Уша6. Быў жанаты з Каралінай з роду Анцутаў.

Наступны сын Казіміра Ануфрыя Дамейкі Мацей, уладальнік Гервятаў у Віленскім павеце (цяпер Астравецкі раён), быў сакратаром малой пячаткі Вялікага княства Літоўскага (якая захоўвалася ў падканцлера). У 1811 г. ён быў падкаморыем Віленскага павета. Дзяцей не меў. Яго брат Ігнат (Ігнацы) быў уладальнікам маёнтка Жыбуртоўшчына, каля Дзятлава. У 1792 г. ён займаў пасаду рэгента асэсарскіх судоў і Галоўнага Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага, а ў 1817 г. быў віцэ-маршалам Слонімскага  павета7. Дзядзька нашага славутага вучонага Ігнат быў апекуном пляменніка пасля смерці яго бацькі. Памёр Ігнат Дамейка-старэйшы  ў  1844 г. Дзяцей ў яго не было.

Яшчэ адзін дзядзька Ігната Гіпалітавіча Дамейкі – Леан, пра якога Адам Банецкі звестак не прыводзіць. Далей у тэстаменце Казіміра Ануфрыя Дамейкі названа яго дачка Марыянна і сын Юзаф (памёр у 1841), уладальнік маёнтка Азяраны. Юзаф Дамейка вывучаў мінералогію і горную справу і быў вучнем вядомага прафесара Вернера (ва універсітэце ў Фрэйбергу, Саксонія). Хіба захапленне гэтай навукай дзядзькі паўплывала на выбар прафесіі і пляменнікам. Тэстамент Казіміра Ануфрыя Дамейкі ўзгадвае і яшчэ аднаго яго сына – Дыянізія, пра якога  Адам Банецкі іншых звестак не прыводзіць8.

Род Дамейкаў працягваўся і ў XIX ст. Аднак з сыноў Казіміра Ануфрыя патомства мелі Тадэвуш і Антоні Гіпаліт, бацька Ігната Дамейкі.

Тадэвуш Дамейка, уладальнік маёнтка Сітцо, меў трох сыноў: Стэфана Аляксандра (звычайна называўся Аляксандрам), які быў уладальнікам маёнткаў Гервяты і Сітцо. Ён нарадзіўся ў 1804 г. (пра што сведчыць метрыка з касцёла ў Параф’янаве) і памёр к 1878 г. Аляксандр Дамейка ў юнацтве ўдзельнічаў у моладзевых тайных суполках. Але потым змяніўся. Аляксандр Тадэвушавіч (Фадзеевіч) Дамейка быў маршалкам дваранства Вілейскага павета ў 1832 г., у 1834 г. атрымаў прыдворнае званне камер-юнкера ў Расіі ў 1834 г., потым званне камергера і тайнага саветніка. Вельмі лаяльны да царскай улады, А.Ф. Дамейка ў 1855 г. стаўся маршалкам дваранства Віленскай губерні і заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця. Ён быў ініцыятарам прыняцця 27 ліпеня 1863 г. дваранствам Віленскай губерні вернападданага адрасу на імя імператара Аляксандра II, запэўніўшы яго ў сваёй вернасці яму і асудзіўшы паўстанне 1863 г. Гэты ганебны акт быў прыняты якраз тады, калі віленскі генерал-губернатар М.М. Мураўёў разгарнуў рэпрэсіі супраць паўстанцаў і тых, хто дапамагаў ім ці толькі спачуваў. За сваё супрацоўніцтва з царскімі ўладамі Аляксандр Дамейка быў пакараны: адзін з патрыётаў зрабіў на яго замах і сур’ёзна параніў. Аднак да канца жыцця стрыечны брат Ігната Дамейкі Аляксандр Дамейка працягваў сваё супрацоўніцтва з  царскімі ўладамі. Ён быў жанаты з Брахоцкай. Дзяцей не меў.

Другім сынам Тадэвуша Дамейкі быў Казімір Францішак (1805—1875), метрыка аб нараджэнні і хрышчэнні якога таксама была выдадзена ў касцёле ў Параф’янаве. Жанаты ён быў з Анелай Нарушэвіч (нарадзілася ў 1832). Ад гэтага шлюбу нарадзіўся сын Вацлаў (1854—1935), жанаты з Касцялкоўскай, бяздзетны, і дачка Вікторыя Леонія (1858—1954). Трэцім сынам Тадэвуша быў Люцыян Вінцэнты, які нарадзіўся ў 1808 г. і памёр у Францыі бяздзетным. Такім чынам, нашчадкі Тадэвуша ў мужчынскіх пакаленнях згаслі з унукам Вацлавам, а нашчадкі ў жаночых пакаленнях засталіся ад Вікторыі Леоніі9.

Значна больш нашчадкаў было ў Антонія Гіпаліта Дамейкі (1764—1809) і Караліны з Анцутаў (памерла ў 1832), бацькоў Ігната Дамейкі. Старэйшым іх сынам быў Адам Ян Ксаверы Феліцыян (1799—1836), які звычайна называўся Адамам. Ён быў ахрышчаны ў касцёле ва Уздзе. Адам Дамейка служыў асэсарам межавых судоў і быў уладальнікам маёнтка Малая Мядзвядка. Жанаты Адам быў з Юзэфай Слізень, дачкой харунжага наваградскага (якая другі раз выйшла замуж за Антонія Вяжбоўскага). У іх было тры дачкі: Анеля, якая выйшла замуж за Станіслава Лопата, Зоф’я – за Артура Вяжбоўскага і Марыя, якая выйшла замуж за яго брата Вільгельма Вяжбоўскага. Такім чынам, і гэтая галіна роду не мела мужчынскіх нашчадкаў10.

Малодшы брат славутага вучонага – Казімір Дамейка (1803—1875), метрыка якога таксама выдадзена ў касцёле ў Параф’янаве, служыў у расійскай гвардыі і меў вайсковы чын паручніка. Ён быў жанаты з Ідаліяй Маркевіч і стаўся ўладальнікам маёнтка Вялікая Мядзвядка. У Казіміра Дамейкі было сямёра дзяцей: чатыры сына і тры дачкі. Старэйшы сын Гіпаліт Валерыян (1842—1880), жанаты з Марыэтай  Слізень, дзяцей не пакінуў. Другі сын Леан Ігнацы (1844—1917), які нарадзіўся ў Мядзвядцы, быў жанаты са сваёй дваюраднай сястрой  Анітай Крус (1854—1917), дачкой Ігната Дамейкі і Энрыкеты Сотамаёр. Шлюб адбыўся ў 1873 г. Яны валодалі маёнткам Жыбуртоўшчына (недалёка ад Дзятлава). Леан  і Аніта Дамейкі былі пахаваныя на могілках Павонзкі ў Варшаве11.

Трэці сын Казіміра Дамейкі, Ігнацы Ян, нарадзіўся таксама ў Мядзвядцы ў 1849 г. Ён быў уладальнікам маёнтка Азяраны і ажаніўся з Тэафіляй Вяжбоўскай. Дзяцей не пакінуў. Чацвёрты сын Казіміра, Аляксандр Апалінары (1857—1924), таксама нарадзіўся ў Мядзвядцы (метрыка з касцёла ў Міры) і быў жанаты з Аляксандрай Вайшвіла (1872—1947). Ад гэтага шлюбу засталося два сыны і пяць дачок. Сын Генрык (1889—1974) дзяцей не меў, а ў другога сына Леана (1912 – 28 студзеня 1989) засталася дачка Барбара (нарадзілася ў 1952), а ў яе сын. Дзеці засталіся і ў чатырох дачок Аляксандра Апалінарыя, але гэта ўжо прадстаўнікі іншых родаў12. Леон Дамейка (1912—1989) быў удзельнікам вайны з Германіяй у верасні 1939 г., а потым – у Арміі Краёвай у званні харунжага.

Цяпер пяройдзем да галоўнага героя нашага аповеду. Ігнат Дамейка пераехаў у Чылі ў 1838 г. У 47-гадовым узросце гэты стары кавалер пазнаёміўся ў сакавіку 1850 г. з прыгожай 16-гадовай чылійскай Энрыкетай Сотамаёр Гусман (1834—1870) і 7 ліпеня 1850 г. ажаніўся, пражыўшы з ёю ў шлюбе дваццаць гадоў13. Дзеці ад гэтага шлюбу былі ўжо чылійцамі і гаварылі на іспанскай мове. Толькі дачка Аніта Крус (14 верасня 1854—1917), якая ў 1873 г. выйшла замуж за стрыечнага брата Леана (1844—1917), пераехала на радзіму бацькі. У яе дзяцей не было. Другім нарадзіўся сын Хуан Энрыке (29 лістапада 1855 – 4 верасня 1856), але хлопчык памёр, не пражыўшы і году. Наступны сын Ігната Дамейкі ксёндз Эрнан Эстэван (13 лютага 1859—1931) і апошні сын Хуан Казіміра (24 красавіка 1863—1922)14.

Усе чылійскія нашчадкі Ігната Дамейкі паходзяць ад яго малодшага сына Хуана Казіміра. Яны налічваюць некалькі дзесяткаў чалавек у мужчынскіх і жаночых пакаленнях15. Паводле іспанскага і лацінаамерыканскага звычаю нашчадкі Ігната Дамейкі носяць два прозвішчы: бацькі (першае)  і маткі (другое), але ўжываюць першае, бацькоўскае. Таму некаторыя нашчадкі І. Дамейкі ў першым і другім пакаленнях яшчэ афіцыйна насілі яго прозвішча, але потым  у жаночых пакаленнях яно павінна было знікнуць. Тым не менш нашчадкі Ігната Дамейкі, улічваючы славу нацыянальнага героя Чылі, захоўваюць яго прозвішча і ў жаночых пакаленнях побач з бацькоўскімі прозвішчамі.

Увогуле, нашчадкамі Ігната Дамейкі былі дзеці яго сына Казіміра Дамейкі Сотамаёр. У яго былі чатыры сыны – Казіміра, Ігнасіё, Хуан і Карлос Дамейка Аламас, і дачка Ана. У Казіміра Дамейка Аламас было таксама чатыры сыны – Леон, Фернанда, Пабла, Хорге. У Ігнасіё Дамейкі Аламас – два сыны: Эрнан і Ігнасіё Дамейка Бульнеc і тры дачкі. У Хуана Дамейкі Аламас – тры сыны: Хуан, Андрэс і Мігуэль Дамейка Леа-Пласа і дзве дачкі. У Карласа Дамейкі Аламаса – чатыры сыны: Карлас, Алехандра, Сергіё і Хав’ер Дамейка Віньё і адна дачка.

Сярод нашчадкаў Дамейкі ў Чылі па ўсіх лініях ёсць і святары, і манахіні. Род Дамейкаў працягваецца, і ўсе яго прадстаўнікі з гонарам носяць імя свайго славутага продка.

1 Polska Encyklopedia Szlachecka. Warszawa, 1936. T. V. S. 128.

2 Малы гербоўнік наваградскай шляхты. Мн., 1997. С. 45.

3 Тамсама.

4 Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1901. T. IV. S. 374—375.

5 Тамсама. S. 375—376.

6 Мальдзіс А. Ігнат Дамейка // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. С. 198.

7 Boniecki A. Herbarz Polski. S. 374—375.

8 Тамсама. S. 375.

9 Wójcik Z. Ignacy Domeyko: Litwa. Francja. Chile. Warszawa; Wrocław, 1995. Tabl. 16.

10 Boniecki A. Herbarz Polski. S. 375.

11 Wójcik Z. Ignacy Domeyko. S. 23.

12 Тамсама. Tabl. 16.

13 Тамсама. S. 344.

14 Тамсама. S. 357—358.

15 Тамсама. S. 579—584.