|
Скарынаўскі
Цэнтр - выданні:
Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.) Любоў
Уладыкоўская-Канаплянік Гісторыя набывае асаблівае значэнне, калі разам з вывучэннем мінулых падзей, высвятленнем гістарычнай праўды сацыяльны вопыт дапамагае будаваць сучаснасць, праектаваць перспектыву на будучыню. У чым прыклад і ўзор нам, сённяшнім, — сусветна вядомая постаць Ігната Дамейкі ? У чым актуальнасць ягонай спадчыны? Безумоўна, Ігнат Дамейка — чалавек рэнесанснага тыпу, пра якіх кажуць“тытан па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці”. І навукоўцам ён быў шматпрофільным: з лёгкасцю пераходзіў ад геалогіі да батанікі, ад эканомікі да літаратуры, ад геаграфіі да адукацыі. І што немалаважна, у кожнай з гэтых галін ведаў І.Дамейка быў глыбокім, высокапрафесійным спецыялістам: чалавек, які ведае ўсё агульна, абстрактна, не адкрые, напрыклад, новыя віды раслін і жывёл, як гэта зрабіў Дамейка. Як патрэбныя нам сёння такія людзі! Сацыяльна-палітычныя ўмовы, эканамічныя рэаліі вымагаюць эластычнага ўмення пераходзіць ад адной спецыяльнасці да іншай, бо шэрагі беспрацоўных папаўняюць, як правіла, вузкія спецыялісты — і па прафесіі, і па кругаглядзе. Іншая рэч, што і навука сучасная празмерна спецыялізаваная, завужаная. У сацыяльнай практыцы фактычна ўсё падзяляецца, усё функцыянуе асобна: адукацыя, навука, эканоміка, палітыка. Сучаснае ж беларускае грамадства — пераходнае, калі шукаюцца шляхі далейшага развіцця, утвараюцца новыя структуры. А гэта і ёсць палітыка. Навука ж павінна служыць практыцы, дапамагаць грамадству, дзяржаве вырашаць канкрэтныя жыццёвыя праблемы. Ці гуманітарыі, прыкладам, павінны скрозь займацца даўно мінулым часам ці абстракцыямі, якія не маюць да Беларусі ніякага дачынення? Асабліва запатрабаваныя зараз людзі з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Перадусім у галіне асветніцтва, адукацыі, навукі, культуры. Бо ў рэшце рэшт не паўстанні вызначаюць пераможцаў, а інфармацыя, веды, інтэлект, духоўнасць. Практыка сведчыць пра тое, што выдатныя навукоўцы вельмі рэдка становяцца добрымі менеджарамі. Ігнат Дамейка — прыклад вучонага-арганізатара, які здолеў заснаваць у Чылі Нацыянальны універсітэт. Дзе б нам знайсці яшчэ аднаго Дамейку, які створыць Беларускі нацыянальны універсітэт? Той навуковы напрамак, які развіваў І.Дамейка ў Чылі, не толькі не страціў сваёй актуальнасці ў 21 стагоддзі, а наадварот, набыў яшчэ большае значэнне. Забруджанасць навакольнага асяроддзя, драпежныя адносіны да прыроды, шматлікія экалагічныя праблемы ёсць сведчаннем нашай няўвагі да Зямлі, яе закінутасці. Хаця сёння ўжо нібыта “працуем” з наасферай. Экалагічны рух цесна звязаны з тымі праблемамі, якія распрацоўваў І.Дамейка. Праўда, вучоны адкрываў новыя віды ў жывёльным і раслінным свеце, а сёння Чырвоная кніга папаўняецца новымі звесткамі аб папуляцыях жывёл і раслін, якія знікаюць. Ігната Дамейку называлі вялікім асветнікам. Не толькі таму, што жыў ён у эпоху Асветніцтва. Найперш дзякуючы яго неаслабнай празе распаўсюджваць сярод людзей ідэалы дабра, красы, праўды. А хіба сучасны духоўна-маральны крызіс можна пераадолець інакш, як толькі праз штодзённую асветніцкую працу па папулярызацыі ведаў беларускай культурнай традыцыі, агульначалавечага духоўнага вопыту? Асаблівую, глабальную значнасць і актуальнасць набывае асветніцтва як комплекс спосабаў і метадаў, накіраваных на фарміраванне гуманістычных ідэалаў, такога грамадскага і індывідуальнага светапогляду, які для нашага перыяду з’яўляецца перадавым, прагрэсіўным. Арыентацыяю на маральныя каштоўнасці І.Дамейка выявіў сваю беларускую ментальнасць, сваю шляхетнасць не толькі паводле радаводу, каранёў, але шляхетнасць ад Бога. Адкрытасць, пошук праўды, свабодалюбства, годнасць, няўрымслівасць — наш зямляк увасобіў у сабе гэтыя лепшыя якасці нацыянальнага характару, якасці, якія заўсёды мелі беларусы, але сёння ў большасці сваёй страцілі. Беларускі нацыянальны шлях вызначаецца многімі асаблівасцямі, сярод якіх не апошняя — дзівосная здольнасць аддаваць свету і свае ідэі, і свае лепшыя таленты. Ігнат Дамейка — не выключэнне. І сёння беларусы дзеляцца са светам сваім духоўным, інтэлектуальным, творчым патэнцыялам. Хіба што ўсё цяжэй ігнараваць, абыходзіць, замоўчваць Беларусь як Радзіму выдатных мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў. Спадчына Ігната Дамейкі застаецца для вечнасці. Дамейка ж жыве найперш у людзях, якія гэтак жа актыўна і ахвярна працуюць для будучыні і на славу Беларусі. І яны заслугоўваюць падзякі сучаснікаў і нашчадкаў. |
||||||||||||||