ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Уладзімір Конан (Мінск)
Вобраз Ігната Дамейкі ў творчасці Адама Міцкевіча

Наша навуковая канферэнцыя (чарговыя “Карэліцкія чытанні”) стымулюе ўваходжанне гэтага выдатнага вучонага-гуманіста ў кантэкст айчыннай культуры. Сёння пакуль што мы маем падрыхтаваны К. Цвіркам зборнік “Філаматы і філарэты” (1998), дзе ёсць раздзел “Тры радзімы Ігнацага Дамейкі” і нарыс А. Мальдзіса, апублікаваны ў часопісе “Кантакты і дылогі” (2002, № 7—8), шэраг артыкулаў у перыядычным друку і ў зборніку дакладаў ранейшых Карэліцкіх чытанняў1. Чытачы гэтых кніг, мусіць, ужо звярнулі ўвагу на цікавы факт: маладыя літаратары і асветнікі, удзельнікі філамацкага руху вылецелі ў вялікі свет з фальваркаў беларускай шляхты. Выхаваныя ў традыцыях польскай культуры, яны аказаліся пачынальнікамі новай беларускай літаратуры, асветніцкай ідэалогіі і беларуска-польскага рамантызму 1-й паловы ХІХ ст.

Трэба шчыра прызнацца: сёння шырокая грамадскасць яшчэ не гатова прыняць іх спадчыну як сваю беларускую, родную. На масавую свядомасць усё яшчэ ціснуць гіры савецка-бальшавіцкай фальсіфікацыі гісторыі. Нават сёй-той з гісторыкаў, шчырых краязнаўцаў блытаецца ў этнонімах рускі (у даўняй традыцыі гэтага паняцця), літвін, беларус, краёвы паляк. Сімпатычны багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток “Жыровіцкая абіцель” (2001, № 6) надрукаваў фрагменты з кнігі гісторыка царквы Афанасія Мартаса (1902–1983) “Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни” (1990), на жаль, без каментара сучаснага даследчыка. У выніку поруч з гістарычнай праўдай тут ёсць наіўныя для гісторыка выдумкі, узятыя з пісанняў “западнорусов”. Як, напрыклад, такія: “За старадаўнім звычаем ён [А. Міцкевіч] называў радзімую Наваградчыну Літвою. Але Наваградчына – здавён даўна зямля беларуская […]. Літвою празвалі яе таму, што тут некалі гаспадарылі літоўскія князі, якія стварылі магутную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. У ХVI стагоддзі ў Беларусь панаехалі чужынцы палякі, ды сілаю забралі ўладу ў свае рукі. Трыста гадоў яны тут панавалі, але беларусаў палякамі зрабіць не змаглі […]. Свайго прыгнечанага беларускага народа ён [Міцкевіч] не разумеў і не адчуваў яго цярпення”.

Магчыма айцец Афанасій не чытаў кнігі В. Ластоўскага і Я. Станкевіча, якія даказалі, што Заходняя і Цэнтральная Беларусь аж да канца ХІХ ст. называлася Літвою, а Вялікае Княства Літоўскае – таксама наша дзяржава. Але сучасны каментатар яго кнігі чуў пра выдатнага гісторыка ХХ ст. Міколу Ермаловіча, пра яго кнігі “Па слядах аднаго міфа”, “Старажытная Беларусь”.

Духоўна-псіхалагічны воблік І. Дамейкі намаляваны ў эпічнай паэме “Пан Тадэвуш”,  драматычнай паэме “Дзяды”, публіцыстыцы і эпісталярнай спадчыне Адама Міцкевіча. Гэты геніяльны польскі паэт, беларус паводле радаводу і псіхалагічнага складу, надзяляў герояў сваіх твораў рысамі характару і натурай сваіх сяброў, добразычліўцаў, проста блізка знаёмых. Зразумела, патрэбна ўлічыць розніцу паміж натурай і партрэтам, прататыпам і героем твору, бо пісьменнік, як і кожны мастак, праецыруе сваё бачанне свету на свае творы, перадаючы персанажам свае пачуцці, думкі і ўласную ментальнасць.

Дарэчы, так паступаў і Дамейка, калі быў у сітуацыі літаратара. У лісце да польскага паэта А. Залескага (1802–1886) ён характарызаваў А. Міцкевіча: “Не хаваў ён непрыязнасці да людзей ненатуральных, фальшывых ці схільных прыніжацца перад сілай альбо маёнткам, не цярпеў прэтэнцыёзнасці. Любіў размаўляць з людзьмі здаровага розуму, практычнымі, але пазбягаў прагматыкаў і самалюбцаў. Бязлітасна выкрываў самахвальства, але хутчэй мог зразумець людзей ганарыстых, чым тых, што прыкідваліся залішне сціплымі. З дзяцінства шанаваў набожных, хінуўся да людзей актыўных, неабыякавых да жыцця і больш за ўсё цаніў тых, хто па-сапраўднаму любіў свой край, бацькаўшчыну. Аднак у размовах і абыходжанні ніколі не быў сентыментальным, залішне лагодным і салодкім. Гледзячы на яго прыгожы, шляхетны твар, можна было заўважыць, што тут пераважаў больш розум, чым чуласць і пачуццё”2.  Пад гэтым “партрэтам” мог бы падпісацца і сам Дамейка.

У філамацкім асяроддзі віленскіх студэнтаў І. Дамейка атрымаў мянушку Жэгота. Пад гэтым імем увёў яго А. Міцкевіч у трэцюю частку сваёй драматычнай паэмы “Дзяды”, напісанай пасля другой і чацвёртай частак (Віленска-Ковенскія “Дзяды” 1820—1822). Трэцяя тэматычна самастойная частка цыклічнага твору паэта па месцы напісання атрымала назву “Дрэздэнскія “Дзяды” (1832). У драматычнай паэме Жэгота прысутнічае эпізадычна, у сцэнах каляднай сустрэчы арыштаваных філаматаў (1824), замкнёных у базыльянскім манастыры. Каб скласці ўяўленне пра воблік І. Дамейкі па гэтых фрагментах, патрэбна кароткая даведка пра гэтага героя3.

Нарадзіўся ён 31 ліпеня 1802 г. у фальварку каля вёскі Мядзвядкі (15 км ад мястэчка Мір) былога Наваградскага павета ў сям’і суддзі Наваградскага земскага суда. Чатырнаццацігадовым юнаком Ігнась паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, вывучаў хімію, матэматыку, біялогію. мінералогію, наведваў лекцыі гісторыі і літаратуры. Пасля універсітэта хацеў заняцца навукай, але яго дзядзька шляхціч Ігнат Дамейка намовіў за гаспадара ў фальварку Заполле Лідскага павета. Калі пачалося следства па справе філаматаў, Дамейку арыштавалі і даставілі ў Віленскі манастыр базыльянаў, ператвораны ў астрог. Эпізод сустрэчы сяброў у калядную ноч намаляваў А. Міцкевіч у трэцяй частцы “Дзядоў”. Сам паэт выступае там пад імем Конрада, а І. Дамейка – пад імем Жэгота.

У сцэнах каляднай вечарыны Жэгота выглядае стрымана-разважлівым і аптымістычным, бо спадзяваўся на хуткае вызваленне, не падазраваў намеру царызма ўчыніць расцерушэнне першай руні дэмакратычнай моладзі на азіяцкіх прасторах Расійскай імперыі. На пытанні сяброў ён адказаў: схапілі “сёння ж проста ў восеці” за працай. Восець, асець – традыцыйная гаспадарчая прылада для прасушкі збожжа, лёну, канапель. Жэгота не без гордасці распавядае пра свае гаспадарчыя поспехі:

Каб ты валы мае ды мерыносы бачыў!
Раней не знаў я, дзе авёс, а дзе салома.
Цяпер займеў я нават славу аканома
Ва ўсёй Літве…

Літвой, як вядома, тады называлі Беларусь ад Меншчыны да Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Віленшчыны. У Міцкевічавых “Дзядах” І. Дамейка – дбайны гаспадар і патрыёт краю. Ён упэўнены ў эканамічным і дзяржаўным адраджэнні Літвы. Вось фрагмент з яго маналогаў:

Чакайце – я ж усё-ткі шляхціч сейміковы,
І так сядзець не буду, хоць між вас я новы.
……………………………………………….
Як гаспадар яшчэ скажу, пра зерне тое.
Калі б цар збожжа ўсё ў нашым гаспадарстве
Забраў да зерня й закапаў у сваім царстве,
Так, дарагоўля ў нас была б, ды толькі гоні
Мы ўсё ж засеялі б. Аб тым пісаў Антоні…

Тут гутарка ідзе пра польскага паэта Антоні Гарэцкага, аўтара байкі з палітычным падтэкстам “Чорт і жыта”, змест якой перадае аўтар “Дзядоў” вуснамі Жэготы. Вось яе кароткі змест. Выганяючы нашых прабацькоў з Раю, Бог пакінуў ім надзею на шчасце – рассыпаў па зямлі жыта. Адам і Ева не ведалі, што з ім рабіць. Чорт хацеў нашкодзіць чалавеку – закапаў рогам зярняты ў зямлю, думаючы, што такім чынам “абдурыў” Бога. І вось:

Прыйшла вясна, і там жа, д’яблу на здзіўленне,
Скрозь узышло закаласілася насенне.
Гэй, людзі цемры, што душу чарцям прадалі,
Што хітрасць розумам, а сілай злосць назвалі,
Хто веру й вольнасць знойдзе з вас і закапае,
Каб Бога ашукаць — сябе ён ашукае4.

Ад тых часоў у польскай і беларускай літаратуры вобразы зерня, коласа набылі сімвалічнае значэнне самаахвярнасці ў барацьбе за нацыянальнае адраджэнне. Паводле хрысціянскай традыцыі, па словах Ісуса Хрыста: “Праўду, праўду кажу вам: калі зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плёну” (Ян 12:24).

У паэме “Дзяды” мы бачым І. Дамейку адукаваным гаспадаром краю, знаўцам літаратуры, дасціпным суразмоўцам і аптымістам. Ён абнадзейвае сяброў: “Мы апраўдаемся!” На гэта адзін з кіраўнікоў філамацкага руху Тамаш Зан адказвае:

Апраўдвацца дарэмна:
І следства ўсё, і суд – тут пройдуць патаемна
Абвінаваўца наш – суддзёю нашым будзе.
Хто ведае, за што нас пакараюць суддзі?
Ёсць план – нас засудзіць, і не мінём мы кары.
Адзін у нас ёсць толькі сродак ад напасці:
Павінны выбраць з гурту мы свайго ахвяры,
Што на сябе віну ўсіх здолелі б ускласці.
Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,
І абавязак мой — за вас прыняць па куты…

Так  адбылося ў той драматычны 1823 год. Пазбегнуць строгай кары дапамаглі І. Дамейку ўплывовыя сябры. Улады задаволіліся высылкай “змоўшчыка” на вёску, у яго ж Заполле пад нагляд паліцыі, без права ўладкавання на дзяржаўную службу. У вёсцы І. Дамейка выдатна гаспадарыў шэсць гадоў. Калі ж у 1830 г. пачалося паўстанне ў былой Рэчы Паспалітай, ён уцёк з дому і стаў у шэрагі змагароў за свабоду. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Германію, сустрэўся з А. Міцкевічам у Дрэздэне. Цяпер ён падзяліў пакуты выгнанніка і разам з сябрам, А. Міцкевічам, у Парыжы пэўны час дапамагаў паэту – перапісваў чарнавік паэмы “Пан Тадэвуш” для наборшчыка (1832–1834). Па рэкамендацыі свайго сябра І. Дамейка пасля заканчэння Парыжскай горнай школы (1837) быў запрошаны прафесарам хіміі і металургіі ў Чылі. Так пачаўся новы этап у жыцці нашага земляка – асветніка і даследчыка далёкай Паўднёвай Амерыкі.

Глыбока і шматгранна вобраз І. Дамейкі-Жэготы адлюстраваны ў эпасе “Пан Тадэвуш”. Як паказалі даследчыкі, паэт спачатку планаваў назваць твор мянушкай свайго героя “Жэгота”. У беларускім літаратуразнаўстве ўзнікла не даказаная гіпотэза, што Ігнат Дамейка – адзін з прататыпаў загадкавага і трагічнага персанажа гэтага твора. Паводле К. Цвіркі, Дамейка “асобнымі рысамі свайго характару стаў правобразам аднаго з галоўных герояў твора – Яцака Сапліцы, якому аўтар меркаваў спачатку і імя даць – Жэгота”. Урэшце, “нават усю паэму паэт меўся назваць гэтым імем — Жэгота”, паставіўшы ў цэнтры ўвагі яго вобраз – прадстаўніка дробнай шляхты, носьбіта свабодалюбівых ідэй”5. У больш мяккай форме гэтая ж думка ёсць у А.Мальдзіса: “Першапачаткова паэма павінна была называцца “Жэгота”, потым “Сапліца”, урэшце паэт аддаў перавагу імю галоўнага героя”, гэта значыць – пану Тадэвушу6.

Погляд на рэальны вобраз І. Дамейкі як магчымы прататып Яцака Сапліцы – відавочная памылка. Паводле свайго жыццёвага шляху і духоўна-псіхалагічнага складу Ігнат Дамейка – антыпод вобраза Яцака Сапліцы. Памылка ўзнікла, верагодна, у выніку адсутнасці ў нашым літаратуразнаўстве даследчага крытычнага аналізу і эстэтычнай ацэнкі зместу, структуры і сімволікі эпасу А. Міцкевіча.

Таямнічы вобраз Яцака Сапліцы – хутчэй трагічны герой прыгодніцкага рамана, чым гарманічна арганізаванай, з мноствам пастаральных, часам гратэскава-гумарыстычных сцэнаў эпічнай паэмы – выяўляецца ў творы А. Міцкевіча паступова, узнікае з успамінаў яго сяброў і праціўнікаў. А канчаткова раскрываецца толькі ў дзесятай “кнізе” паэмы, у сцэнах перадсмяротнай споведзі героя перад сваімі сябрамі. Толькі цяпер аб’ядналіся ранейшыя два вобразы: колішні Яцак Сапліца, падпольшчык, які жыве няведама дзе, былы саратнік Т. Касцюшкі, змагар за Майскую канстытуцыю Рэчы Паспалітай 1791 года, вандроўны шляхецкі рыцар, брэцёр-прыгажун і дуэлянт, які пад афектам помсты забіў свайго сеньёра-стольніка Гарэшку пасля няўдалага сватаўства да прыгожай дачкі гэтага магната; і таямнічы манах Робак  (у перакладзе з польскай мовы – Чарвяк), які прысутнічае ў ключавых сцэнах эпасу, заўсёды ў паўцені, таямніча ўзнікае і знікае, пра якога ходзяць згадкі як пра падпольнага арганізатара паўстання Рэчы Паспалітай.

Калі ўжо карыстацца аналогіямі, то Яцак Сапліца ў псіхалагічным плане – тып “благочестивого разбойника”, шляхецкі аналаг Раскольнікава з рамана Ф. Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”. У маладосці ён паддаўся злому духу, чуць было не прадаў душу чорту, але раскаяўся, панёс свой крыж, ратаваўся малітвамі і добрымі справамі. Урэшце, ён у А. Міцкевіча, – мусіць, без канкрэтнага прататыпа, абагулены вобраз паўстанца, барацьбіта за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

Цяпер узнікае пытанне: прататыпам якога героя паэмы  “Пан Тадэвуш” ёсць Ігнат Дамейка? Ключом да разгадкі гэтага мастацкага шыфру ёсць агульнавядомая гісторыя канчатковага варыянту эпасу “Пан Тадэвуш”: спачатку аўтар хацеў назваць свой твор “Жэгота”, потым – “Сапліца”. Пазней ён памяняў назву (мабыць, не без падказкі Дамейкі-Жэготы, які перапісваў паэму) і такім чынам ухіліўся ад празмернага  збліжэння эпасу з эмпірычнай рэальнасцю, надаў свайму герою з літаратурным імем большае мастацкае абагульненне. Але прататыпам пана Тадэвуша застаўся Жэгота-Дамейка. Ён жа – Тадэвуш Сапліца, бо з апошніх спавядальных раздзелаў твору вынікае, што Тадэвуш – сын Яцака Сапліцы ад яго няшчаснай, рана памерлай жонкі. Тадэвуша  выхаваў яго  дзядзька , брат  Яцака, наваградскі суддзя. Суддзёю яго называе паэт у сваім творы.

З аўтабіяграфіі Ігната Дамейкі вядома, што ён нарадзіўся ў шляхецкім фальварку вёскі Мядзвядка недалёка ад мястэчка Мір у сям’і старшыні Наваградскага земскага суда. Бацька рана памёр, сямігадовага хлопчыка выхоўваў ягоны дзядзька, гаспадарлівы аграном імем таксама Ігнат Дамейка. Пасля універсітэта І. Дамейка нейкі час гаспадарыў у фальварку Сачыўка каля Крашына (радзімы Паўлюка Багрыма). Пасля адсідкі ў Віленскім астрозе ён шэсць гадоў гаспадарыў у Заполлі Лідскага павета. Урэшце, удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гг.

Ёсць відавочныя аналогіі паміж вузлавымі сюжэтамі эпасу “Пан Тадэвуш” і біяграфіяй Дамейкі, воблікам гэтага ўраўнаважанага, па-сялянску працавітага чалавека і вобразам пана Тадэвуша. Твор пачынаецца гасцяваннем героя ў фальварку Суддзі, банкетам у блізкім ад Сапліцава сярэдневяковым замку (яго прататып – замак у Міры), а завяршаецца спрэчкай за гэты замак і “апошнім наездам” у Літве-Беларусі, прымірэннем праціўнікаў і пачаткам паўстання за вызваленне Рэчы Паспалітай. Паводле сваёго сялянска-ліцвінскага душэўнага складу, краёвага патрыятызму вобраз Тадэвуша набліжаны да свайго прататыпа – І. Дамейкі. Цікавая ў гэтым плане спрэчка “класіцыста” Графа і рамантыка Тадэвуша аб красе прыроды: першы хваліць “італьянскую” красу, як выявілася яна ў жывапісе класіцызму; другі – бачыць элегічную прыгажосць роднай Наваградчыны. Як сказаў паэт: “Быў ён прастак, ды з сэрцам чулым”7.

У эпасе А. Міцкевіча ёсць яшчэ адзін ключык да разгадкі прататыпаў. Пасля палявання на мядзведзя наспявала спрэчка паміж Графам і Тадэвушам за скуру забітага мядзведзя. Каб адвесці яе, распарадчык “лясных пацехаў” пан Войскі апавядае шляхецкі анекдот. У паэме ён – накшталт гумарыстычнага скерца:

Бывала, прозвішчы Давэйкі і Дамэйкі
Пазблытвалі не раз, змяшалі ў вузел нейкі,
Са шкодаю для іх. Вось выбараў парою
Сябры Давэйкі, стоячы за ім гарою
Шапнуць каму: “Глядзі, дай голас за Давэйку!”
А той, не ўчуўшы, галасуе за Дамэйку […].
Раз горш было. У Вільні нейкі шляхціч п’яны
З Дамэйкам біўся шабляй і панёс дзве раны.
Пасля той шляхціч, едучы, відаць, дадому
Выпадкам стрэў Давэйку недзе ля парома.
І вось калі абодва ехалі Вялейкай,
Пытае той: “Ты хто?” Ён адказаў: “Давэйка”.
А той рапіру выняў моўчкі з-пад кірэйкі:
Чах, чах!  і за Дамэйку вус адсек Давэйку…

Аднойчы Давэйка і Дамейка паспрачаліся за скуру забітага мядзведзя, і справа даходзіла да дуэлі. Тады іхнія сябры прыдумалі хітрасць: прапанавалі заўтра страляцца праз скуру мядзведзя. Ноччу яны злучылі парэзаную на паскі скуру, правялі шнур праз раку і прапанавалі страляцца з яе процілеглых берагоў. Усё закончылася вясёлым смехам:

Выпадак гэты да іх дружбы прычыніўся.
З Дамэйкавай сястрой Давэйка ажаніўся,
Тады Дамэйка шваграву сястру засватаў.
Маёмасць роўна падзялілі, як брат збратам,
А месца, што праславілася справай гэтай,
Карчму паставіўшы, зваць пачалі Мядзьведкай8.

Зразумела, у вобразе пана Тадэвуша ёсць рысы характару, эстэтычныя густы, ідэалы аўтара – А. Міцкевіча. Так заўсёды бывае з цэнтральнымі персанажамі эпічных твораў. Нават так званыя адмоўныя персанажы, антаганісты звыш-Я паэта, ёсць ягоныя стварэнні, што ўвабралі падпольныя, ценевыя бакаі душы чалавека. А. Міцкевіч зрабіў таксама “мастацкія адхіленні” адносна сваёй “шляхецкай гісторыі з 1811 і 1812 гадоў”: дабавіў свайму герою гадоў рыцарскага ўзросту (І. Дамейку напярэдадні напалеонаўскага паходу ў Расію было 10, а Міцкевічу – 12 гадоў), злучыў у адну гісторыю падзеі розных гадоў – стварэнне літоўскіх і польскіх легіёнаў у складзе арміі Напалеона, які абяцаў аднавіць Рэч Паспалітую, – і пачатак паўстання 1830–1831 гг. А вось сваю чароўную літвінку Зосю, прататыпам якой была Марыля Верашчака, памаладзіў: у пачатку эпічнай фабулы яна выступае 14-гадовай паннай-сялянкай, любіміцай вясковых дзяцей, хатніх жывёл і птаства.

Як кожны паэт-мастак, Адам Міцкевіч тварыў сваю лірыка-эпічную мастацкую гісторыю.

1 Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: Матэрыялы 3-х і 4-х Карэліцкіх чытанняў. Мн., 1998. (Беларусіка-Albaruthenica; Кн. 10).

2 Філаматы і філарэты: Зб. Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграф. даведкі пра аўтараў і камент. К. Цвіркі. Мн., 1998. С. 295—296.

3 Філаматы і філарэты. С. 279—288.

4 Міцкевіч А. Дзяды: Паэма. Пераклад з польскай К. Цвиркі. Мн., 2001. С.115—131.

5 Філаматы і філарэты. С. 382.

6 Мальдзіс А. Тры радзімы Ігнацага Дамейкі // Кантакты і дыялогі. 2002. № 7—8. С. 20.

7 Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або апошні наезд у Літве: Шляхецкая гісторыя з 1811–1812 гг. у дваццаці кнігах вершам. Пер. на бел. мову П. Бітэля; пер. на рус. мову С. Мар (Аксёнавай); камент. В. Рагойшы, Я. Янушкевіча. Мн., 1998. С. 370.

8 Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або апошні наезд у Літве… С. 399–402.