ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Святлана Кошур (Карэлічы)
Матэрыялы пра Ігната Дамейку ў экспазіцыі і фондах Карэліцкага краязнаўчага музея “Зямля і людзі”

Шчодрая Карэліцкая зямля падарыла свету шмат таленавітых літаратараў, вучоных, артыстаў. Сярод іх ёсць людзі, якія не маючы магчымасці жыць і працаваць на радзіме, свае веды, свой талент аддавалі на карысць іншых дзяржаў, але іх навуковыя адкрыцці і творчыя дасягненні – гэта і агульначалавечы набытак. Больш за поўстагоддзя жыве за межамі радзімы выдатны вучоны, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі Барыс Кіт. Адзін з пачынальнікаў амерыканскай астранаўтыкі, аўтар першага падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, якім і сёння карыстаюцца вучоныя многіз краін свету, здольнасці да матэматыкі праявіў яшчэ ў школьныя гады, калі быў вучнем Карэліцкай школы.

46 гадоў пражыў у Чылі вучоны-даследчык, геолаг Ігнат Дамейка. Менавіта там, у гэтай далёкай краіне, ён здзейсніў свае асноўныя навуковыя адкрыцці, пакінуўшы чалавецтву ў спадчынў 130 навуковых прац, шматлікія падручнікі і каштоўныя калекцыі мінералаў.

Выхаванец Віленскага універсітэта і Парыжскай Горнай школы, нязменны рэктар універсітэта ў Сант’яга на працягу 16 гадоў, вядомы даследчык прыродных багаццяў Чылі, выдатны педагог і арганізатар, Ігнат Дамейка ўвайшоў ў гісторыі краіны як адзін з буйнейшых дзеячаў духоўнай і матэрыяльнай культуры.

Чылійская зямля стала для яго краем, якому ён прысвяціў свае здольнасці, сваю энергію, сваю працу, там ён распаліў свой дамашні ачаг, там уздыхнуў у апошні раз.

І ўсё ж ён застаўся адданы сваёй бацькаўшчыне, пра якую памятаў кожную хвіліну жыцця, а ў лістах да сваякоў і сяброў заўсёды цікавіўся тым, што адбываецца ў родных мясцінах. Але толькі праз шмат гадоў, у 82-гадовым ўзросце, вучоны зноў з хваляваннем ступіў на родную зямлю. Свае ўражанні ад сустрэч ён пакінуў у дзённіку, які вёў усё жыццё. Кніга “Мае падарожжы” (дзённікі выгнанніка)”, выдадзеная ў 1962 г. у Вроцлаве, захоўваецца ў фондах Карэліцкага краязнаўчага музея “Зямля і людзі”.

Сышоўшы з цягніка ў Гарадзеі, І. Дамейка трапіў у абдымкі да сваякоў. Яго сустракалі дачка Аніта, зяць Леан, швагер Вяржбоўскі, плямениікі. Пасля ўсхваляванай сустрэчы, сеўшы ў экіпажы, усе рушылі ў Мядзвядку. Быў цудоўны ранак, і вучонаму здавалася, што нават летняе сонца радуецца яго шчасцю.

А колькі было хвалявання, калі ўбачыў ён мядзвядскую сядзібу! Амаль са слязьмі выйшаў з экіпажа. Не пазнаў ні двара, ні ганка. Агледзеў усе пакоі ў доме, затрымаўся на тым месцы, дзе 74 гады таму ляжаў яго нябожчык бацька. Дом быў прыбраны і ўтульны, але не той, што раней. Не пазнаў Ігнат Дамейка. і саду – на яго месцы быў парк. Вучоны наведаў магілы братоў, пабачыў касцёльчык, дзе ў 10 гадоў прыняў першае прычасце, схадзіў у лес, куды хлопчыкам бегаў па грыбы і арэхі. Неба хмурылася, накрапваў дождж, але Ігнат Дамейка не спяшаўся – яго сэрца было перапоўнена радасцю ад сустрэчы з роднымі мясцінамі.

А назаўтра рана вучоны паехаў у Мір на магілу бацькі, які быў пахаваны каля касцёла. І хоць было Ігнату тады няпоўных сем гадоў, усё ж ён успомніў, дзе магіла бацькі, успомніў і той момант, калі апускалі труну ў магілу, а ён з братамі і дзядзькамі плакаў.

У гэты ж дзень схадзіў ён яшчэ раз у вёску, прайшоў яе з канца ў канец і выйшаў на мост цераз Ушу. Успомніў, як іх, малых, купалі ў гэтай рацэ. І прыемна было яму чуць, калі казалі старыя людзі, што памятаюць яго і рады яго вяртанню.

Два дні прабыў Ігнат Дамейка ў Мядзвядцы, а на трэці дзень выехаў у Далматаўшчыну – да швагра Вяржбоўскага, у дом сваёй сястры нябожчыцы Марыі. Сустракалі  яго тут не менш усхвалявана і сардэчна, чым у Мядзвядцы. Некалі ў доме Вяржбоўскага жыў сябра Ігната Дамейкі – Ян Чачот, тут ён збіраў і запісваў беларускія народныя песні.

Праз дзень вучоны выехаў у Сачыўкі, у сядзібу, дзе некалі жыла яго бабка Анцута. Памятаў ён,  як Марыля Верашчака, яго стрыечная сястра, разам з іншымі  дзяўчатамі спявала песні на імянінах перад расчуленай бабуляй, памятаў, як развітаўся ён тут назаўсёды з маці, апошні раз пацалаваўшы ёй рукі, – а праз год яе не стала. Да яе на магілу пайшоў ён назаўтра і, укленчыўшы, дзякаваў Богу, што дазволіў яму пасля  паўвекавога выгнання зноў вярнуцца на магілу маці.

У час вячэры ў Сачыўках Ігнат Дамейка пачуў спевы жней. На вуліцы прыгожая дзяўчына ў вянку з жытніх каласоў падышла да яго і пакланілася, а ён, згодна са звычаем, зняў з яе галавы вянок і перадаў гаспадыні дома, прыняўшы хлеб, які паднеслі яму паважаныя людзі. І доўга ў тую ноч не мог заснуць Ігнат Дамейка – успамінаў дзіцячыя гады, і аж да раніцы гучалі ў яго вушах дажынкавыя песні. . .

Вяртаючыся праз 4 гады разам з сынамі ў Чылі, Ігнат Дамейка захоўваў у душы ўспаміны пра гэтыя незабыўныя гады, якія ён правёў на радзіме…

І родная зямля не забыла вялікага чалавека, які зрабіў на ёй свае першыя крокі. Шмат напісана пра вучонага ў Беларусі. Добра ведаюць пра яго і на Карэліччыне. У 1997  г. у час святкавання 195-годдзя з дня нараджзння І. Дамейкі ў Карэлічах адбыліся 4-я Міжнародныя чытанні, прысвечаныя спадчыне вучонага-асветніка. Тады ж у Мядзвядцы быў устаноўлены памятны знак ва ўшанаванне нашага славутага земляка, а ў мясцовай школе адкрыты музей, экспанаты якога расказваюць пра жыццё і навуковую дзейнасць Ігната Дамейкі. На наступны год Карэлічы і Мядзвядку наведалі ўдзельнікі 5-х Карэліцкіх чытанняў, прысвечаных Адаму Міцкевічу. Сярод гасцей быў нашчадак Ігната Дамейкі Мар’юш Германовіч, які прыехаў з Францыі.

Траюрадная пляменніца вучонага Ева Адахоўская, з якой музею ўдалося наладзіць перапіску, не маючы магчымасці прыехаць з далёкай краіны, даслала з Сант’яга ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей “Зямля і людзі” цікавыя дакументы і фотаздымкі, якія расказваюць пра жыццё нацыянальнага героя Чылі. Фотаздымкі зрабіў для музея Ігнасіо Дамейка, праўнук нашага славутага земляка. Яны былі змешчаны на выставе “Вялікі асветнік”, створанай у нашым музеі да 200-годдзя з дня нараджэння вучонага і выкарыстанай на перасоўнай выставе “Ураджэнец Мядзвядкі – нацыянальны герой Чылі”.

На фотаздымках мы бачым вучонага ў розныя перыяды яго жыцця: і ў час знаходжання ў Парыжы ў 1830-я гг., і ў час наведвання радзімы ў 1880-я гг. На адным з фотаздымкаў ён разм з сынамі Эрнанам і Казімірам, на другім – з сябрам А. Адынцом. Прыцягвае ўвагу фотаздымак Аніты, адзінай дачкі вучонага (нарадзілася ў 1854 г.).

Як вядома, Ігнат Дамейка ў 1859 г. ажаніўся з чылійкай Энрыкетай дэ Сатамаер, якая была маладзейшая за яго на 30 гадоў. З жыццяпісу вучонага,  складзенага Евай Адахоўскай, даведваемся, што спачатку ў Дамейкі нават і думкі не было пра такі саюз, хаця прыгожая суседка падабалася яму. Згодна з сямейным паданнем, дыпламатычна падштурхнуў вучонага да больш блізкага знаёмства з суседзямі (з сям’ёй Энрыкеты) адданы яму слуга, індзеец Хуан. Калі ж знаёмства адбылося, высветлілася, што таямнічы і паважаны іншаземец ужо даўно прыцягваў увагу дзяўчыны, і яна не адмовілася стаць яго жонкай. Гэты шлюб доўжыўся 20 гадоў (Энрыкета памерла ад сухотаў у 1870 г.). У сям’і Дамейкаў нарадзілася чацвёра дзяцей (адзін з іх, сын Генрык, памёр у маленстве). Дачка вучонага Аніта ў 24-гадовым узросце выйшла замуж за свайго стрыечнага брата Леана і разм з ім, пакінуўшы бацькоўскі дом у Чылі, выехала на радзіму бацькі і пасялілася спачатку ў Мядзвядцы, а потым у Жыбуртоўшчыне (каля Дзятлава). Менавіта тут і спыніўся Ігнат Дамейка, калі ў 1884 г. разам з сынамі прыехаў на радзіму. Памерла Аніта ў 1917 г. у Варшаве бяздзетнай.

Старэйшы сын Ігната Дамейкі Эрнан (1859—1931) быў ксяндзом і таксама не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. І толькі малодшы сын вучонага Казімір (1863—1922) прадоўжыў род Дамейкаў у Чылі. Як вынікае з радаводу, дасланага ў музей Евай Адахоўскай і складзенага Ігнасіо Дамейкам, Здзіславам Рынам і Анітай Дамейка, у Казіміра было чацвёра сыиоў – Ігнасіо, Казімір, Карлас і Xуан, дачка Ганна і 23 унукі (пяцёра дзяцей было ў Ігнасіо: Эрнан, Ігнасіо, Кармэн, Ганна-Марыя, Марыя дэль Пілар; чацвёра ў Казіміра: Леан, Фернанда, Пабла, Хорхе; пяцёра ў Карласа: Карлас, Марыя-Алена, Аляксандр, Серхіо, Хавіер; пяцёра ў Хуана: Пас, Хуан, Андрэс, Сесілія, Мігэль; чацвёра ў Ганны: Ганна-Марыя, Ігнасіо, Альфонс і Хайм).

Наступныя два пакаленні, адзначаныя ў радаводзе, таксама шматлікія (мы налічваем 85 прапраўнукаў Ігната Дамейкі). Такім чынам, род гэты трывала ўкараніўся на чылійскай зямлі.

Ёсць на фотаздымках, дасланых з Чылі, дом Ігната Дамейкі ў Сант’яга, а таксама выгляд кабінета і салона ў гэтым доме. Дом знаходзіцца ў цэнтры Сант’яга ў старым квартале на вуліцы Куэта. Узведзены ён у 1836 г. і з’яўляецца помнікам архітэктуры. Некалі Інат Дамейка, у захапленні ад гэтага прыгожага куточка, пісаў свайму сябру Адаму Міцкевічу: “Набліжалася самая цудоўная пара года, квітнелі апельсінавыя сады, магноліі, паветра напаўнялася водарам белых і блакітных гартэнзій. Я выехаў за горад у пошуках доміка, які б нагадваў вёску. Знайшоў быццам бы не прызначаны [нікому. – Рэд.] дом, нядаўна пабудаваны адным французам, з даволі вялікім садам, з высокім вінаграднікам, пяцюдзесяццю апельсінавымі, шматлікімі персікавымі і абрыкосавымі дрэвамі, недалёка ад прыходской царквы”.

Пашкоджаны ў час землятрусу ў 1985 г., дом быў адноўлены, і цяпер там знаходзіцца музей І. Дамейкі.

У доме захаваліся рэчы, якімі карыстаўся вучоны. У пакоях – арыгінальная мэбля, у тым ліку пісьмовы стол, за якім І. Дамейка вёў перапіску з вядомымі вучонымі таго часу, са сваімі сябрамі і сваякамі. Побач са сталом – кніжныя шафы з кнігамі Дамейкі, паліца з сувенірамі. Ёсць тут і некаторыя мінералы з каштоўнай калекцыі вучонага, якая сёння знаходзіцца ва універсітэце горада Ла Сэрэна. Над сталом – копія абраза Вострабрамскай Маці Божай. На сценах пакояў – партрэты, польскія гравюры і карціны на рэлігійныя сюжэты. Ёсць і вялікія эквадорскія палотны.

Вяртаючыся з універсітэта, І. Дамейка любіў сядзець у самым маленькім пакоі ля каміна, дзе заўсёды рабіў сабе чай, а потым чытаў на польскай, французскай, іспанскай і іншых мовах. Часам ён маляваў або іграў на фартэпіяна. Тут, у гэтым доміку, вучоны пісаў свае працы – падручнікі па фізіцы і мінералогіі, кнігі па метэаралогіі і інш. Засталіся яго рукапісныя нататкі пра падарожжы, араўканцаў, пра Анды, мінералы, пра каланізацыю і адукацыю. Апошняя тэма асабліва хвалявала вучонага. Яго не задавальняла сістэма адукацыі, якая існавала ў Чылі. У 1842 г. ён напісаў працу, якая стала праектам рэформы ўсёй сістэмы народнай і універсітэцкай адукацыі. У сваіх вучняў наш зямляк імкнуўся выхоўваць высокія імкненні і мэты. “Юнак павінен адчуваць любоў да вучобы, каб развіваць свае разумовая здольнасці… Калі з дзяцінства абуджаць у пяшчотным сэрцы і яркім уяўленні матэрыяльную выгаду і эгаізм, вельмі хутка яго талент будзе загублены і згасне”.

Актыўнасць, працавітасць і адданасць І. Дамейкі навуцы  спрыялі яго вялікай папулярнасці ў Чылі. Не выпадкова адна з чылійскіх газет назвала вучонага “апосталам навукі”. Імя Ігната Дамейкі носяць горныя вяршыні, населеныя пункты, вуліцы, бібліятэкі, музеі, навучальныя ўстановы. Імем вучонага названы мінералы.

Нашаму земляку прысвечана шмат кніг і навуковых прац, у яго гонар адліты памятны медаль, у Сант’яга яму ўстаноўлены велічны помнік з надпісам “Вялікі Асветнік”. На адным з фотаздымкаў, атрыманых з Чылі, можна ўбачыць гэты помнік. Ёсць і апісанне яго ўрачыстага адкрыцця, якое адбылося 23 студзеня 1902 г. на могілках у Сант’яга, куды з фамільнага склепа быў перанесены прах вялікага вучонага.

Урачыстасць пачалася ў 9 гадзін раніцы. Перад гэтым ксёндз Эрнан Дамейка, сын вучонага, адслужыў імшу ў капліцы на могілках. Пасярод капліцы стаялі дзве мармуровыя урны, у якіх знаходзіўся прах Ігната Дамейкі і яго жонкі, навокал – мноства кветак. Пасля імшы ксёндз Ян Акура благаславіў урны, якія ў суправаджэнні вялікага натоўпу пад жалобныя песні манашак былі перанесены на месца вечнага спачыну і ўстаноўлены ў грабніцы пад помнікам. Помнік, выкананы ў строгім стылі, складаецца з парфіравага п’едэстала і калоны, увянчанай бюстам Дамейкі.

Міністр адукацыі Чылі дон Рафаэль Балмакеда, які прысутнічаў на ўрачыстасці, адзначыўшы ў сваёй прадмове, што ўрад прыняў рашэнне выдаць усе працы вучонага, парадамі і ведамі якога карысталася цэлае пакаленне, сваё выступленне закончыў наступнымі словамі: “Шанаваць вучоных, прызнаваць іх заслугі, праслаўляць іх дабрадзейнасць, паказваць на іх як на прыклад для моладзі – гэта ганаровы абавязак урадаў, якія прызнаюць, што прагрэс радзімы залежыць галоўным чынам ад распаўсюджвання карысных навук і ведаў, а таксама ад прыцягнення да разумовай працы і да здзяйснення дабрадзейнасці…”

Імя Ігната Дамейкі сёння добра ведаюць у розных краінах. Ушаноўваюць яго памяць і на радзіме. Варта адзначыць, што паводле рашэння Карэліцкага райвыканкама ад 28 верасня 1999 г. штогод таленавітым школьнікам раёна, пераможцам алімпіяд на раённым злёце выпускнікоў у канцы навучальнага года ўручаюцца стыпендыі імя І. Дамейкі. Імя вучонага носяць вуліцы ў Карэлічах і Мядзвядцы. Другі раз праводзяцца ў раёне прысвечаныя вучанаму Карэліцкія чытанні, арганізатарам якіх з’яўляецца Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны.

Не першы год займаюцца зборам матэрыялаў пра жыццё і навуковую дзейнасць І. Дамейкі супрацоўнікі раённага музея “Зямля і людзі”. У 1998 г. консул Чылі Алехандро Гіббанс перадаў з Масквы для музея некалькі праспектаў са звесткамі пра Чылі. Спадзяемся мы і на больш шырокія  кантакты з нашчадкамі І. Дамейкі. Не так даўно прафесар Адам Мальдзіс даслаў нам цікавыя матэрыялы пра аднаго з іх, а таксама перадаў ксеракопіі карт, складзеных І. Дамейкам, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Парыжа. Нацыянальны цэнтр імя Ф. Скарыны дапамог нам наладзіць кантакт з траюраднай пляменніцай вучонага Евай Адахоўскай,  якая разам з апошнім лістом даслала з Чылі ў музей сваю кнігу “Легенды далёкай Польшчы”, дзе ёсць успамін пра Мядзвядку.

Нядаўна мы атрымалі ліст з бібліятэкі імя І. Дамейкі ў Буэнас-Айрасе, супрацоўнікі якой жадаюць падтрымліваць кантакты з нашым музеем і абяцаюць пераслаць з Аргенціны звесткі пра вучонага.

Да юбілею Ігната Дамейкі было прымеркавана выданне раённым музеем кнігі С. Кошур “Вяртанне на Радзіму”, у якй змешчаны матэрыялы пра вучонага і іншых таленавітых землякоў. У выданні кнігі вялікую дапамогу аказаў прафесар Барыс Кіт, які ў свой час шмат зрабіў для беларускай асветы і заслугоўвае самых удзячных слоў за сваю асветніцкую і навуковую дзейнасць.

З пачатку года чылійскія фотаздымкі занялі сваё месца ў адной з залаў нашага музея і, я спадзяюся, у будучым мы зможам стварыць у музеі цікавую экспазіцыю, прысвечаную выдатным вучоным, асветнікам і творцам з Карэліччыны, якія на працягу стагоддзяў асвятлялі сэрцы і душы людзей, пашыраючы веды і культуру.