ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Уладзімір Красюк (Мінск)
Дзятлаўскія старонкі жыццяпісу

Маштабы асобы вызначаецца не толькі яе ўкладам у каштоўнасныя набыткі грамадства. Яны залежаць яшчэ і ад таго, наколькі чалавек застаецца адданым свайму жыццёваму крэда, насколькі гэтае крэда адпавядае  патрабаванням часу. “Жывучы – быць карысным для іншых, інакш лепш не жыць”, – гэтыя словы І. Дамейкі былі квінтэсенцыяй яго існавання. Карысным для людзей ён быў перш за ўсё сваёй навуковай, а таксама грамадскай дзейнасцю. Не толькі тытанічная навуковая праца ў Чылі, дзе вялікі пераўтваральнік прыродазнаўства быў “апосталам навукі”, не толькі ўдзел у вызваленчым руху характарызавалі яго жыццёвую пазіцыю, але і жыццё ў глыбінцы раскрывала багацце творчай натуры, імкненне рэалізаваць свае надзвычайныя здольнасці. У поўнай меры гэта адносіцца да Дзятлаўшчыны, куды яму не аднойчы давялося вяртацца.

Існуюць пэўныя супярэчнасці ў асвятленні храналогіі першага знаходжання І. Дамейкі ў Жыбартаўшчыне, ці, па-ранейшаму, – Жыбуртоўшчыне, што каля Дзятлава, куды ён быў сасланы пад нагляд паліцыі ў 1824 г. за ўдзел ў руху філаматаў і філарэтаў. У энцыклапедычным даведніку “Мысліцелі і асветнікі Беларусі”, у кнізе А. Мальдзіса “Падарожжа ў XIX стагоддзе” гаворыцца, што спачатку Дамейка быў высланы з Вільні ў в. Заполле на Лідчыне, а потым у в. Жыбуртоўшчына, у маётнак дзядзькі. А ў кнізе “Ігнат Дамейка (1802—1889)“ (Варшава; Ліда, 2002) сказана, што шэсць гадоў Дамейка правеў у маёнтках дзядзькі Ігната, спачатку ў Жыбуртоўшчыне, а потым ў Заполлі. Ва ўсякім выпадку, у сваіх успамінах І. Дамейка піша, што ў 1884 г. прыехаў у Жыбуртоўшчыну, дзе не быў 53 гады. Значыць, апошні раз ён быў там у 1831 г.,  якраз напярэдадні лістападаўскага паўстання, у якім прыняў актыўны ўдзел.

Як жылося маладому магістру філасофіі ў якасці ссыльнага? Чым ён займаўся, як бавіў час? Яго жыццёвая і інтэлектуальная энергія перамагала роспач расставання з віленскімі сябрамі і перажыванні з прычыны прымусовага знаходжання ў вёсцы. Тут ён здолеў выявіць сваю творчую натуру, займаўся навукай і рабіў дабро людзям. Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу, весці грамадскую дзейнасць. І Дамейка пачаў вынаходзіць метады паляпшэння апрацоўкі зямлі, праводзіць доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. У сваіх успамінах ён зазначае, што ў Жыбуртоўшчыне падчас прыезду ў 1884 г. яго ў першую чаргу зацікавіў стан сада, дома, стадолы, стайні; ён абышоў усе палі, лугі, палеткі аўса і землі, дзе некалі ў маладосці ўжываў новыя прыёмы вядзення гаспадаркі. Уважліва агледзеў статкі свойскага быдла, клеці, аборы, кухню, чародку свойскіх птушак.

І. Дамейка быў верны ідэям і запаветам філаматаў і філарэтаў. Таму як мог, ён стараўся аблегчыць долю прыгонных сялян. Ва ўспамінах былы выгнаннік адзначае, што па прыбыцці другі раз ў Жыбуртоўшчыну яго сардэчна віталі сяляне, якія памяталі пра яго і яго справы; сярод іх быў і стары Ян, равеснік Дамейкі. Старыя сяляне суседняй вёскі Норцавічы, сустракаючы Дамейку хлебам-соллю, гаварылі: “Мы памятаем яшчэ маладога пана, і шмат якія жанчыны памятаюць”. І. Дамейка бый добрым гаспадаром. Ягоны сябра А. Міцкевіч пазней увасобіў яго ў паэме “Дзяды” ў вобразе аканома Жэготы (універсітэцкая мянушка Дамейкі).

Жывучы ў глыбінцы, І. Дамейка не парываў сувязяў з Вільняй, вёў перапіску з А. Міцкевічам і сябрамі-філаматамі, марыў пра падарожжы і вольнае жыццё, нават у 1825 г. спрабаваў аформіцца на службу ў Інжынерны Корпус у Варшаве.

Пазней, ужо будучы сусветна вядомым вучоным, маючы надзвычай вялікі аўтарытэт ў Чылі, І. Дамейка ніколі не расставаўся з намерам вярнуцца на Радзіму. Але на працягу многіх гадоў не меў такой магчымасці, бо не было да каго ехаць. Нарэшце, калі ў 1877 г. дачка Ганна ўступіла ў шлюб з сынам яго сваяка Лявонам і маладая пара ў наступным годзе пераехала жыць з Сант’яга ў Жыбуртоўшчыну, з’явілася магчымасць вяртання ў родныя мясціны.

Пасля многіх гадоў вандровак па свеце, сарака шасці гадоў жыцця і працы ў Чылі вучоны нарэшце ступіў на родную зямлю. У сярэдзіне жніўня 1884 г. ён з сынамі прыбыў праз Еўропу ў Жыбуртоўшчыну – “апошні прыстанак майго 53-гадовага падарожжа”. Прыехаў, каб застацца назаўсёды.

І. Дамейка прыехаў са сваім сябрам юнацтва Антонам Эдвардам Адынцом, з якім сустрэўся па дарозе, у Жыбуртоўшчыну да іх завітаў і стары прыяцель Турскі. Успомнілі віленскія гады, абмеркавалі бягучыя падзеі. Дамейка пачаў абжывацца на новым старым месцы. Радаваўся паляпшэнню ў жыцці сялян. У гэты час ён атрымаў ліст з Парыжа, у якім чыліец Хаакін Дыяс паведамляў, што мае ад вучняў Дамейкі з Сант’яга даручэнне перадаць яму залаты медаль у доказ іх удзячнасці.

Аднак трэба было вызначыцца з будучыняй сыноў, да таго ж, заставаліся няскончаныя навуковыя і грамадскія справы. Таму ў верасні І. Дамейка праз Варшаву і Берлін паехаў у Парыж, дзе ўладкаваў сына Казіміра ў Горную школу і сустрэўся з сям’ёй сына А. Міцкевіча. У сакавіку 1885 г. ён наведаў Рым, Неапаль, подняўся на Везувій. Уладкаваўшы сына Гернана ў духоўную семінарыю, заехаў у Кракаў. Потым, павандраваўшы па Палесціне, вярнуўся ў сярэдзіне кастрычніка з паломніцтва па Святой Зямлі праз Парыж у мілую яму Жыбуртоўшчыну.

Тут І. Дамейка правёў наступныя два гады. Адпачываючы ад жыццёвых перыпетый, ён не заставаўся ў баку ад спраў, вёў навуковую перапіску. У красавіку 1887 г. Ягелонскі універсітэт надаў Дамейку званне ганаровага доктара медыцыны. Па розных справах ён выязджаў у Рым, Парыж, некалькі разоў у Варшаву і Кракаў. Пэўна, у Жыбуртоўшчыне, у зацішшы, можна было няспешна акінуць позіркам пражытыя гады, насычаныя падзеямі, падвесці пэўныя вынікі навуковым пошукам. Аднак ставіць кропку было яшчэ рана. І 24 мая 1887 г. на навуковым пасяджэнні Акадэміі навук у Кракаве Дамейка прачытаў даклад па методыцы вывучэння і навучання фізічнай геаграфіі, прадставіўшы геаграфічную карту, якую раней падрыхтаваў у Парыжы.

У Жыбуртоўшчыне можна было не толькі няспешна падводзіць рахункі былым справам, але і рабіць прыкідкі на будучыя часы. Абмеркаваўшы з блізкімі сітуацыю, Дамейка вырашыў, што сыны Казімір і Гернан павінны застацца на зямлі маці. Таму, пражыўшы ў Жыбуртоўшчыне з 1884 па 1888 гг., Ігнат Дамейка вырашыў яшчэ раз наведаць Чылі, каб уладкаваць будучыню сыноў. У канцы лета 1888 г. ён адбыў у Сант’яга з надзеяй зноў вярнуцца на Радзіму і там скончыць свой жыццевы шлях, назаўсёды застаўшыся ў роднай зямлі. Аднак падчас марского падарожжа ён захварэў, прыбыў сур’ёзна хворым у Сант’яга і праз некалькі месяцаў памёр. Для чылійцаў пахаванне І. Дамейкі стала агульнанароднай жалобай.

Ігнат Дамейка быў патрыётам сваёй зямлі. Шанаваў сваю малую радзіму, тыя мясціны, дзе давялося жыць. Воляй цяжкага лёсу Жыбуртоўшчына, Дзятлава былі прытулкам у самыя нялёгкія часіны яго няпростага жыцця. Здаецца і цяпер тут лунае светлы дух чалавека, які любіў гэтую старонку.