ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Сямён Кручак (Мінск)
Нашчадкам I. Дамейкi раскрываць таямнiцы нетраў зямлі беларускай

Шырокую вядомасць Ігнат Дамейка атрымаў дзякуючы ў першую чаргу яго прафесіі – геалогіі, з асновамі якой ён пазнаёміўся яшчэ ў часы навучання ў Віленскім універсітэце. Як вядома, навука геалогія вывучае рэчыўны склад і  ўнутранную будову нетраў нашай Зямлі, яе карысныя выкапні. І. Дамейка, прыбыўшы ў 1832 г. ў Парыж, вельмі зацікавіўся прыродазнаўчымі навукамі. Праслухаўшы шэраг лекцый у Сарбонскім універсітэце, Батанічным садзе і другіх навучальных установах, ён вырашыў стаць геолагам і ў 1834 г. паступіў у Горную школу, якую выдатна закончыў у 1837 г. Стаўшы горным інжэнерам, І. Дамейка праводзіў геалагічныя даследаванні на тэрыторыі Францыі, а таксама склаў першыя геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты земляў былой Рэчы Паспалітай, г.з. Польшчы, Беларусі, Літвы. У гэтай сувязі навукоўцам безумоўна цікава будзе параўнаць гэтыя карты з Нацыянальным Атласам Беларусі (2002), дзе геалагічная будова нашай краіны прадстаўлена асобным раздзелам. А таксама параўнаць тэкст  да ўзгаданых картаў з тэкстам, так бы мовіць, геалагічнай энцыклапедыі Беларусі, якасці якой сёння можна лічыць фундаментальную манаграфію “Геалогія Беларусі” (2001).

Зразумела, што прафесію геолага Ігнат Дамейка выбраў невыпадкова. З аднаго боку, яго дзядзька Юзаф быў геолагам, закончыў Горную акадэмію ў Фрайбергу (Германія), што не магло не паўплываць на цікавасць яго да гэтай навукі. З другога боку, канец XVII – 1-я пал. XIX стст. характарызаваліся надзвычай важнымі падзеямі ў вывучэнні Зямлі (тут і вялікія геаграфічныя падарожжы, і адкрыццё новых земляў, багатых рознымі карыснымі выкапнямі, асабліва золатам і каштоўнымі камянямі, і г.д.). Па-трэцяе, у тыя гады Парыж  быў адным з еўрапейскіх цэнтраў геалагічнай навукі, у якім працавалі многія выдатныя вучоныя геолагі і палеантолагі, такія як Ж. Кюўе, Ж. Ламарк, А. Браньяр, А. Арбіньі і інш. Гэта быў час станаўлення такой важнай галіны  геалогіі, як стратыграфія (навука аб паслядоўнасці напластавання зямных слаёў і іх узросце). Надзвычай важным было ўкараненне ў стратыграфію англійскім даследчыкам В. Смітам палеанталагічнага метаду (палеанталогія – навука, якая вывучае выкапнёвую фауну і флору, з дапамогай якіх вызначаецца адносны ўзрост горных парод і ўмовы іх утварэння). Менавіта дзякуючы гэтаму метаду ў 1-й пал. XIX ст. была адкрыта большасць геалагічных сістэм асадкавага чахла Зямлі, у выніку чаго геалогія, акрамя апісальнай, стала яшчэ і гістарычнай навукай. Нездарма і сёння многія нашыя выдатныя вучоныя-геолагі, напрыклад, акадэмік Радзім Гарэцкі, называюць стратыграфію царыцай геалогіі.

Безумоўна, усе гэтыя падзеі для надзвычай дапытлівай натуры Ігната Дамейкі сталі лёсавызначальнымі – ён выбраў прафесію геолага, дзякуючы якой стаў знакамітым на ўвесь свет вучоным. Асабліва ярка і плённа праявіўся яго талент даследчыка ў далёкай ад нас краіне Чылі. У час геалагічных даследаванняў гэтай краіны І. Дамейка, як мы ведаем, сабраў унікальныя калекцыі горных парод, мінералаў і рэштак выкапнёвай фауны і флоры. Многія з іх вывучаны самім І. Дамейкам, некаторыя даследаваны другімі вучонымі, якім ён перадаў свае матэрыялы. Таму не дзіўна, што многія геалагічныя аб,екты ў Чылі названы ў гонар І. Дамейкі. Напрыклад, мінерал дамейкіт, выкапнёвы малюск, тэктанічная ўпадзіна, шахта і інш.

Чым жа мы, нашчадкі І. Дамейкі, маглі б ушанаваць яго імя ў айчыннай геалогіі? На мой погляд гэта можа быць вывучэнне рэшткаў выкапнёвых фауны і флоры, хаця магчымыя і іншыя аб,екты. На сённяшні дзень беларускімі палеантолагамі ў нетрах нашай беларускай зямлі выяўлена больш за 1000 выкапнёвых відаў жывёлін і раслін, сярод якіх значную частку займаюць новыя віды і роды, раней невядомыя навуцы і названыя ў гонар даследчыкаў нашай краіны. На вялікі жаль, мы не можам пахваліцца, што сярод іх ёсць палеанталагічныя аб,екты, названыя ў гонар нашага знакамітага суайчынніка. Магчыма, гэта зробяць у будучым нашы маладыя даследчыкі, бо многае ў нетрах нашай краіны яшчэ не знойдзена и не вывучана. Гэта можа быць нейкі новы від выкапнёвага карала (калісьці, мільёны гадоў назад,  і на тэрыторыі Беларусі былі моры з каралавымі рыфамі), якіх шмат у гэтым годзе знайшоў у адкладах дэвонскіх вулканаў (у іх цяпер беларускія геолагі шукаюць алмазы) на Жлобіншчыне Юра Заіка, студэнт Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, ён прыйшоў у навуку па рэкамендацыі былога кіраўніка нашага Скарынаўскага цэнтра Адама Мальдзіса. А можа гэта зробіць Дзіма Плакса, выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, які сёлета ўстанавіў унікальнае месцазнаходжанне дэвонскіх выкапнёвых рыб на Віцебшчыне (іх узрост больш за 300 млн. год). Але мабыць было б лепш, калі б новы від якой-небудзь выкапнёвай жывёліны ці расліны адкрыў і назваў у гонар І. Дамейкі хтосьці з тых, хто сёння з’яўляецца яго стыпендыятам. Я маю на ўвазе вучняў школ Гарадзеншчыны, асабліва Карэліччыны, якія пажадаюць стаць геолагамі. У сувязі з гэтым ласкава запрашаем усіх, хто захоча набыць гэтую цікавую і патрэбную прафесію ў нашу галоўную вучэльню – Беларускі дзяржаўны універсітэт, на геаграфічны факультэт, аддзяленне геалогіі. Таму што менавіта нашчадкі Ігната Дамейкі павінны будуць пераняць у нас – старэйшых – эстафету па вывучэнні нетраў нашай Бацькаўшчыны, каб прадоўжыць раскрыццё яе зямных таямніц. І магчыма хтосьці з іх, стаўшы геолагам-палеантолагам, зможа апісаць і назваць у гонар Ігната Дамейкі, напрыклад, выкапнёвага ракаскарпіёна, знойдзенага ў мінулым годзе ў саляных адкладах дэвонскай сістэмы адной з шахтаў у Салігорску ці  рэшткі выкапнёвага насарога ў чацвярцічных утварэннях раёна Мікашэвічаў.