ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Уладзімір Навумовіч (Мінск)
Гістарычная і сацыяльная дэтэрмінаванасць жыццёвых і творчых лёсаў І. Дамейкі, А. Міцкевіча, Я. Чачота

У гісторыі літаратуры і культуры народаў многіх краін ёсць нямала прыкладаў сяброўства творчых натур, супрацоўніцтва, абяднання намаганняў і сіл дзеля ажыццяўлення блізкіх ці далёкіх мэт, дапаўненняў адной творчай натуры другой. Прыкладаў такіх свецкіх «тусовак» асабліва шмат сёння: кланы, семі, узроставыя і карпаратыўныя абяднанні. Нават у М. Гогаля ў «Рэвізоры» чыноўніцтва горада — «сваё кола», пакуль няма чыноўніка з Пецярбургу. Тут ідзе рэвізія без рэвізора, там усе свае, усе пра ўсіх усё ведаюць і нічога не баяцца. Сумесная праца братоў Ганкур, творчасць Ільфа і Пятрова, братоў Вайнераў. Прыкладаў нельга злічыць.

Сёння творчыя саюзы разядаюць групаўшчына, зайздрасць. Можа гэта таму, што аднайменныя зарады адштурхоўваюцца, што і дало права паэту Алегу Лойку у адным са сваіх вершаў напісаць:

Паэты сябраваць павінны,
Ды не сябруюць штось паэты.

Трыццаць гадоў выкладаючы ў БДУ на філалагічным факультэце, я меў мажлівасць назіраць і сяброўства маладых паэтаў, і адчужэнне наваяўленых «геніяў». А возьмем «Маладняк», «Узвышша», «Літаратурна-мастацкую камуну», «Пробліск» — літаратурныя суполкі на Беларусі ў 1920-я гг. Творчыя разыходжанні паміж імі перараслі ў палітычныя даносы, калі адна групоўка «пускала пад нож» другую. Помняцца і 70-я «застойныя, запойныя» — выключэнне з БДУ паэтаў-студэнтаў А. Разанава і В. Яраца толькі за тое, што яны зездзілі да Ларысы Геніюш у Зэльву, у хату, абвітую слухаўкамі для «падслухоўвання» размоў, вялі гутаркі пра нацыянальнае адраджэнне і развіццё самасвядомасці беларусаў.

Колішні выпускнік Ярэміцкай школы тут, на Мірскай зямлі, Ваш зямляк, я быў студэнтам ІІ курса філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, як кажуць, год не дарос, калі стаў сведкам расправы і выключэння з БДУ філфака ў 60-я гг., цэлай групы студэнтаў старэйшых курсаў — філолагаў, гісторыкаў за «нацыяналістычныя настроі», скажам, толькі за тое, што студэнты патрабавалі, каб лекцыі ім чыталі на роднай мове. На адну ноч студэнты станавіліся «міністрамі» культуры, асветы, аховы парадку і г. д. у новай незалежнай Беларусі, мяркуючы будаваць уласную дзяржаву, праўда, з максімалісцкімі настроямі. Што тады ўсчалося? Аблавы ў інтэрнаце, камсамольскія сходы, выступленні выкладчыкаў і студэнтаў з асуджэннем. 20 студэнтаў з філфака выключылі. Яшчэ і зараз адзін з беларускіх пісьменнікаў жартуе, успамінаючы аб тым, што ён быў міністрам культуры, бо вельмі добра іграў на баяне. Адну ноч пабыў міністрам.

Прыклад філаматаў і філарэтаў дае нам узор сапраўднага бескарыснага і змястоўнага сяброўства, аб,яднання многіх вакол адной мэты. Спачатку іх было 7, як апісвае Ігнат Дамейка, прычым кожнага паасобку, дэталёва, дакладна, выверана, даючы кожнаму глыбокую псіхалагічную характарыстыку, што сведчыла пра немалы талент Дамейкі-празаіка, акцэнтуючы ўвагу на сацыяльнай актыўнасці сяброў-студэнтаў.

Ануфрый Петрашкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ежы Малеўскі, Юзаф Яжоўскі, Лазінскі. Не, не 7 іх было напачатку, бо 8-м стаў Ігнат Дамейка, які пісаў так: «Нарэшце і мяне, нічым не заслужанага, самага маладога з усіх, прынялі да сябе філаматы, прынялі хутчэй па сваёй дабраце, чым для патрэбы». Сціпласць звяртае на сябе ўвагу найперш у гэтым выказванні, разуменне сітуацыі, вернасць сяброўству, але і вернасць роднай зямлі, справе ўсёй сваёй маладосці — вялікай і ўдзячнай мэце служэння народу і краю. Разам з тым ужо тут, напачатку жыццёвага шляху І. Дамейкі, А. Міцкевіча, Я. Чачота акрэслілася прадвызначанасць лёсу ўсіх траіх сяброў.

Дамо толькі лічбы: 166, 108, 27, 31, але пры гэтым адразу ўдакладнім, што ўсё гэта моладзь, якім было па 18–20, 22 гады. Усяго ў «Спісе» — 166 прозвішчаў, 108 зяўляліся членамі таварыства, частка была агаворана, некаторыя хацелі далучыцца, ды не паспелі, такіх набралася 27 — і яны гэтага не адмаўлялі на следстве, 31 чалавека не адшукалі ўлады, каб хоць дапытацца ці правесці «дазнанне».

Выдаў — адзін. Ды яшчэ сын рэктара неўпапад загаварыў, нічога не падазраючы, бо яго «забралі» ў Берліне, бо ён не мог ведаць, пра што дамовіліся маўчаць студэнты. Следства праводзілася двойчы. Усё ўзгарэлася нанова. Зноўку допыты. Цяпер ужо і пра філаматаў студэнтам прыгадалі, тое таварыства, што было закрыта, але потым адноўлена.

І самае галоўнае для нас сёння — гэта «ліцвінства» рэвалюцыйнай моладзі, якая скіравана на пераўтварэнне жыцця роднага краю. Моладзь — самая «выбуховая» сіла, у яе асяроддзі выспяваюць выключныя ідэі. І тут, у Вільні, не выключэнне. Што, здавалася б, так напалохала цара, што ён судзіць студэнтаў з ускраін царскай Расіі назначыў — каго б вы думалі? Міністра асветы Шышкова (няма болей спраў міністру ў стольным горадзе Санкт-Пецярбургу?!?), міністра аховы ўнутранага парадку, адно прозвішча якога выклікае ў нас агіду і прымушае ўнутрана скалануцца, «высокага і хмурага» Аракчэева (мы памятаем тэрмін «аракчэеўшчына»), з чыім імем звязаны цэлыя перыяды ў гісторыі масавага тэрору, расправы над тымі, хто думае іначай, ды сенатара Навасільцова (гэты стараўся найбольш і выслужыўся да куратара Віленскай акругі).

Судзіла сяброў-студэнтаў Віленскага універсітэта «тройка».

Усё паўтараецца ў жыцці. Лічбы іншай узурпатары ўлады не ведалі — аказваецца, што сталінскія «тройкі» бяруць пачатак вунь адкуль, ажно з перыяду царскіх рэпрэсій, Настаўнікі былі добрыя ў бальшавіцкіх катаў.

«Дзеці Літвы» — так назваў студэнтаў І. Дамейка, ён сам быў такім. Іх абядноўвала ідэя нацыянальнага служэння Бацькаўшчыне. Гэта і прадвызначыла іх лёсы.

А. Пушкін, потым лепшы сябра А. Міцкевіча, эпіграфам да верша «Герой» паставіў пытанне «Што ёсць ісціна?» Неразбярысе жыцця супрацьпастаўляў ён светлы розум. «Я понять тебя хочу, // Смысла я в тебе ищу…»

Заглыбленая аналітычнасць і засяроджанасць на філафофскіх праблемах часу вылучылі ідэі навукі, маральнай чысціні — выпраменьвалі святло душы. Што ў гэтым дрэннага?

Сябры-студэнты Віленскага універсітэта, землякі, з самых першых дзён навучання вырашылі паставіць свае таленты на службу народу, людзям, краю. Рэвалюцыйнасць філаматаў і філарэтаў не варта перабольшваць, яны выступалі за паступовыя эвалюцыйныя шляхі пераходу да новага дэмакратычнага грамадства. Я быў здзіўлены, калі будучы ў Лондане, даведаўся, што першая лінія метро ў тым жа Лондане была пушчана ў 1861 г. У Расіі ў гэты год адмянілі прыгоннае права. Філаматы — аматары навук. Філарэты — аматары дабрачыннасці.

У паводзінах і вылучаных ідэях служэння грамадству філаматаў і філарэтаў Віленскага універсітэта выявіліся настроі моладзі таго непрацяглага, але вельмі бурлівага часу, які ўзгадаваў дзекабрыстаў.

Но ведь могли, могли декабристы
На площадь Сенатскую не выходить?!

Маглі. Але яны выйшлі. Так і філаматы і філарэты. Чацкія свайго часу. Ім здавалася, што іх намеры — правільныя, думкі — чыстыя, настроі — узнёслыя, вера — вялікая, мэты — высокія. Не бачыць і не разумець гэтага, маўляў, маглі толькі абмежаваныя чынушы. Але ўрад Расіі палохалі самі спробы стварэння арганізацый сярод студэнтаў, вольналюбівыя настроі на ўскраінах царскай імперыі, што разглядалася як імкненне «адкалоць» польскія і «ліцвінскія» землі, жаданне «аддзяліцца» ад цэнтра.

Дапытлівы і гуманны розум сябры-студэнты зрабілі асноўным крытэрыем ацэнак рэчаіснасці, асноўным інструментам свайго падыходу да пераўтварэння жыцця. Ім здавалася, што толькі розум, дасведчаны і глыбокі, складае аснову існавання асобы, зяўляецца гаспадаром іх лёсаў.

У развітым і аналітычным розуме і ў чыстых, светлых пачуццях, помыслах, марах знаходзілі яны і вытокі высокай і незаплямленай агульначалавечай маралі, тыя духоўныя каштоўнасці, якія надавалі сапраўдную прыгажосць чалавеку. Але іхнія добрыя намеры «натыкаліся» на злавесныя «пікі» самаўладства. Гора ад розуму?!? Так. Толькі для іх падобнае «гора» станавілася яшчэ страшней: іх высылалі з роднай зямлі, высылалі назаўсёды, пазбавіўшы маладосці, зблытаўшы ўсе іх дабрачынныя мары і надзеі.

Рэальнасць станавілася самым страшэнным сном, а высокія мары «раструшчваліся» аб халодныя сцены казематаў і манастырскіх кельяў.

Дэтэрмінізм — вучэнне аб заканамернасці і прычыннай абумоўленасці ўсіх падзей і зяў. Так павінна было стацца і так сталася, і не таму, што некаму гэтага захацелася ці нехта змог нешта змяніць. Гістарычна і сацыяльна складвалася так, што дзейнасць студэнтаў не магла быць іншай, а ўлады, натуральна, абрынулі на іх ўвесь цяжар сваёй рэпрэсіўнай машыны. Калі ў рэпрэсіўную «тройку» ўваходзяць два міністры і сенатар, дык няма сумнення, што так загадаў сам… цар.

Дэтэрмінаванасць лёсаў сяброў-студэнтаў выявілася ва ўсім: у іх розуме, тэмпераментах, сіле характараў, лідэрстве, жаданні служыць агульнай справе і ідэям маладосці, у закаханасці ў край і не толькі, у сацыяльным статусе, у паходжанні, у магутнасці талентаў, у паняццях сяброўства, нарэшце, у складзе душы.

Туганавічы, туга…
А ён думаў: радасці сховы,
Вясёлкавых дзён мітульга
І ціша дубоў стогадовых.

Так напісаў паэт Алег Лойка пра стан душы не аднаго толькі Адама Міцкевіча, але і пра трывогі, згрызоты, мінтрэгі ўсіх іх траіх, сяброў: І. Дамейкі, Я. Чачота, А. Міцкевіча.

Яны любілі. І. Дамейка пазнаёміў А. Міцкевіча з Марыляй Верашчакай, Ян Чачот безадказна, без аніякай надзеі на ўзаемнасць кахаў дачку рэктара Зосю Малеўскую, якая «музіцыравала» тымі памятнымі вечарамі, калі збіраліся філаматы і філарэты, «падбіраючы» музыку на немудрагелістыя словы вершаў пра старадаўніх ліцвінаў Яна Чачота. Яны марылі, меркавалі аддаць свае сілы Бацькаўшчыне. Але не атрымалася так, як хацелася, раскідала-распетрыла іх па свеце. Паўгода ішло следства. Яны сядзелі ў зняволенні кожны ў асобнай келлі.

Дэтэрмінаванасць жыццёвых і творчых лёсаў праявілася і ў пакаранні сяброў-студэнтаў, землякоў. Ігната Дамейку выратаваў дзядзька. Высылка была ў родныя мясціны пад нагляд паліцыі. Але няўрымслівы Ігнат Дамейка яшчэ шабелькай паспеў памахаць, паўдзельнічаў у паўстанні 1830 г. у арміі генерала Хлапоўскага, ад чаго яму ўжо нявыкрутка была заставацца на Беларусі, і ён трапляе ў Саксонію, у сталіцу яе — Дрэздэн, дзе сустракаецца з А. Міцкевічам і дабіраецца да Парыжа. Там давучваецца, а пазней шлях ягоны пралёг аж у далёкую і невядомую краіну Чылі.

Тамаша Зана саслалі ў пугачоўскі Яік (як тут не прыгадаць Вяземскага: «У нас што ні рабі без дазволу ўлад — усё будзе пугачоўшчына»).

Французскі апалагет езуітаў граф дэ Мэстр прадказваў, што сапраўднае ўзрушэнне на Расійскіх землях пачнецца тады, калі прыйдзе «Пугачоў з універсітэта». Першага «Пугачова з універсітэта» выслалі ў пугачоўскія мясціны, у Арэнбург. Дзе апынуўся Ян Чачот? Яго шлях: Кізіл – Таржок – Уфа – Масква – Лепель – Шчорсы, у сухотах вярнуўся дамоў і першым памёр.

Алег Лойка, даследчык творчасці А. Міцкевіча, піша так: «У Адама Міцкевіча высылка з радзімых мясцін аказалася больш ганароваю, больш прэстыжнаю. Любая высылка — пакутная: духоўных пакут, надзірацельства, царскай цэнзуры зазнаў Адам Міцкевіч поўніцай, але то было не над пугачоўскім Яікам, як у Тамаша Зана, не на башкірскай чужыне, як у Яна Чачота, а ў Пецярбургу, Маскве, Крыме — у Расіі не глушынай, а ў Расіі Пушкіна, Рылеева, Бястужава. Хрыстова Зорка спрыяла Зорцы Міцкевіча?»

Далей А. Лойка пытаецца і ў пытанні ўжо чуецца адказ, калі называе тагачасную расійскую бюракратыю «мудрай». А. Лойка так піша далей у прадмове да зборніка твораў Адама Міцкевіча: «Як зваць таго мудрага чыноўніка, што не арэнбургскі і не ўральскі маршрут выпісаў духоўнаму бацьку філаматаў? Зорцы за тое ці таму чыноўніку дзякаваць?»

У камеры Тамаша Зана пад яго гітару на словы Я. Чачота сябры спявалі: Да лятуць, лятуць да дзікія гусі, // Да нас павязуць да далёкай Русі…

Дзеці Літвы апынуліся раскіданымі па ўсім белым свеце.

Юнацтва — пара шматабяцаючая. У юнацтве — усе паэты, творцы, мастакі, дзеячы, кажучы жартам, карыфеі эпохі і на паўстаўкі геніі. Юначая пара — выдатная мажлівасць стаць такім, якім яшчэ ніхто дагэтуль не быў. Але пра юнацтва яшчэ гавораць, што гэта — недахоп, які з гадамі праходзіць. Найлепшай пахвалой для ўсіх юнакоў і дзяўчат можа стаць сцвярджэнне, што ён ці яна поўнасцю выканалі (спраўдзілі) высокія абяцанні юначых гадоў. Так і ў філаматаў і філарэтаў, нашых выдатных сяброў-землякоў. Іх юнацкі жар душы не прапаў. Кожны з іх спраўдзіў высокія абяцанні юнацтва хоць, мажліва, і не ўсе ў поўнай меры.

І. Дамейка піша з Чылі Міцкевічу: «Ты, Адам, калі ўбачыш, што трэба, каб вярнуўся да вас, напішы мне такія словы: «Вяртайся хутчэй» без усялякіх дабаўленняў, без усялякіх прычын або ўмоў».

Ніколі ні ў адной з гісторый літаратур і культур свету не было падобных прыкладаў мужнасці, сяброўства, засяроджанасці на адзінай мэце, адданасці вольналюбівым ідэям і задачам пераўтварэння роднага краю шляхам пашырэння навукі, асветы, культуры, дабрыні, маральнай дасканаласці — усіх тых высокіх і глыбокіх мэт, якія былі выпрацаваны і закладзены ў асноў навуковай, асветнай і грамадскай дзейнасці яшчэ ў студэнцкія часы. «Юнацтвам мы жывём» — словы Ігната Дамейкі.

Вось яны заявілі аб сваім жаданні служыць народу і краю і ўжо далейшыя іхнія лёсы вядомы, дэтэрмінаваны. Іх чакалі высылкі, сухоты, смерць. І бяссмерце. Неўміручасць.

Не так ужо і шмат такіх найвялікшых трагедый у гісторыі сусветнай цывілізацыі. Але не ведае і наша айчынная гісторыя такой вялікай вернасці справе і сяброўству, роднай зямлі, краявідам, сонцу, Свіцязі, вёскам, родным гоням, жытнёвым палям, лясам, людзям. Усё сказанае сведчыць аб невычэрпнасці і вялікай духоўнай сіле народа, здольнага «паслаць» аднаго генія ўслед за другім у розныя бакі, «дэлегаваць» свае таленты іншым народам і краінам, каб даць свету адразу: для Чылі — І. Дамейку, Польшчы — А. Міцкевіча, Беларусі — Я. Чачота.

Несмяротная тая зямля, якая так шчодра нараджае глыбокія таленты геніяў, волатаў духу чалавечага.

Uladzimir Navumovič

Historical and social determination of life and creative fate of the three friends — Ihnat Damiejka, Adam Mickiewicz and Jan Čačot

 

The report analyzes the phenomenon of cooperation of creative personalities, friendship of young gifted people in the history of culture of different nations and epochs.

The report also speaks about repression and manhunt against Belarus students for their national ideas during the Soviet time.

By the example of activity of underground societies of philomaths and philarets in Vilnia University in 1817–1823 in tsarist’s Russia the course of life, creative development and predetermination of destiny of the three friends, compatriots, coevals — Ihnat Damiejka, Adam Mickiewicz, Jan Čačot are traced.

These students were tested by prisons, court examination, proscription, diseases, and two of them died very yong. By their creative work they made a contribution to the world civilization and became a well-known people in different countries of the world - Damiejka in Chile, Mickievič in Poland, Čačot in Belarus.