ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Вадзім Салееў (Мінск)
Ігнат Дамейка і праблемы міжкультурнага ўзаемадачынення

Ігнат Дамейка — постаць вельмі значная і, гаворачы сучаснай мовай, «знакавая». Асоба, якая, на наш погляд, падсумоўвае 200-гадовае развіццё чалавецтва, і якая адкрывае дзверы у новае, ХХI стагоддзе. Гэта, перш за ўсё, як ужо неаднаразова адзначалася, апостал навукі. Ён быў адным з пачынальнікаў лацінаамерыканскай навукі. Чалавек гэты авалодаў вялікімі і глыбокімі ведамі (цяпер бы сказалі — спецыяльнымі) у галіне фізікі, хіміі, біялогіі, геалогіі. Праўда, першую значную навуковую працу (1823 г.) ён абараніў па матэматыцы [1]. Ён дамогся славы спецыяліста вышэйшага узроўню у справе горнай інжынерыі. Нездарма пасля заканчэння горнай школы ў Парыжы яго запрасілі на працу ў Эльзас, дзе ён знайшоў вялікія радовішчы жалезнай руды. Запрошаны ў Чылі ў якасці прафесара хіміі і мінералогіі, ён стаў увасабленнем ідэала навукоўца. Гэта тычыцца і яго першапачатковай працы ў Какімба, і потым, у сталіцы Чылі Сант’яга, дзе ён працаваў у зноў створаным універсітэце, а потым амаль 16 год быў яго рэктарам.

Шматлікія навуковыя працы І. Дамейкі вядомы ва ўсім свеце. Ён быў абраны ганаровым членам шматлікіх навуковых таварыстваў, правадзейным членам Польскай акадэміі навук…

Усё гэта — вядомыя факты з жыцця вялікага прадстаўніка сусветнай навукі, прычым нават іх хапіла б, каб імя І. Дамейкі было навечна запісана ў гісторыю чалавецтва. Але і сама постаць, і шматбаковая дзейнасць І. Дамейкі выходзяць за рамкі чыста навуковай праблематыкі. Ігнат Дамейка з’яўляецца адным з лепшых у свеце носьбітаў культуры ў самым дакладным значэнні гэтага паняцця.

Паводле майго разумення культуры, апошняя выступае ў якасці сукупнасці духоўных каштоўнасцяў. У публікацыях апошніх гадоў мною разглядаліся і структурныя палі ядра культуры [2], дзе вызначаліся чатыры галоўныя сферы, у якіх існуюць каштоўнасці, напрамкі, звязаныя з духоўным існаваннем чалавека і этнаса, а шырэй — усяго чалавецтва. Гэтыя чатыры сферы, якія і складаюць палі ядра культуры, звязаны непасрэдна з паняццямі Ведаў, Веры, Дабра і Прагыжосці (і інстытуцыямі, у структуры якіх ствараюцца і распаўсюджваюцца адпаведныя духоўныя каштоўнасці, з якіх складаюцца чатыры бакі адзінай нацыянальнай культуры).

Як ужо гаварылася, кожны чалавек з’яўляецца (у той ці іншай ступені) носьбітам культуры і, перш за ўсё, культуры нацыянальнай. Калі глядзець з гэтага пункту гледжання, то Ігнат Дамейка з’яўляецца ў першую чаргу «вялікім асветнікам» [3]. Яго нястомная дзейнасць у Чылі на працягу амаль паловы стагоддзя па ўкараненні навукі і ведаў адбывалася на ўсіх узроўнях: і на непасрэдна даследчым, і на навукова-метадычным (успомнім не толькі яго дапаможнікі па фізіцы і мінералогіі, але і фундаментальную працу — «Уводзіны ў прыродазнаўчыя навукі»), і на арганізацыйным (амаль 16 гадоў ён быў рэктарам універсітэта ў Сант’яга). Нездарма ў Чылі ў 1885 г. у гонар вучонага быў выбіты залаты медаль са словамі «навука–праца–бескарыслівасць», якія максімальна дакладна характарызуюць асобу І. Дамейкі-навукоўца.

Дастаткова характарызуюць І. Дамейку і яго адносіны да Веры. Па сваім выхаванні, па светапогляду ён быў чалавекам, які падзяляў хрысціянскія ідэалы [4]. Навуковец, які паглыбіўся ў таямніцы прыродазнаўчай навукі, тым не менш, лічыў, што ў свеце абавязкова ёсць вышэйшы Абсалют, і крытычна ставіўся да «так званых філосафаў без веры, якія ў цэлым сусвеце бачаць толькі рух і матэрыю» [5]. Паказальна, што ў сваёй дзейнасці І. Дамейка спалучаў хрысціянскі погляд з прынцыпамі гуманізму. Гэта наглядна бачна па яго адносінах да простага люду, шахцёраў, студэнтаў, індзейцаў поўдня Чылі.

Цяпер можна перайсці да аналізу маральнай дасканаласці І. Дамейкі як чалавека і асобы. Гэта і сапраўды ўзаемазвязаныя рэчы — хрысціянскія ўяўленні пра дабрыню, міласэрднасць і іерархія маральных каштоўнасцяў, якімі валодае асоба. Тут перш за ўсё прываблівае шчырая, пранікнёная любоў І. Дамейкі да Радзімы. У Дрэздэне, Парыжы, у рэшты рэшт у Чылі ён заўсёды лічыў сябе «ліцвінам», амаль кожны дзень успамінаў беларускія краявіды, родную прыроду.

У сваіх ацэнках сяброў ён заўсёды падкрэсліваў найперш пазітыўныя рысы іх характару. Так, у А. Петрашкевіча ён адзначаў яго магутны патрыятызм, у Ф. Малеўскага — добры нораў і таварыскасць, у Я. Сабалеўскага — прыгожую душу, у Ю. Кавалеўскага — працавітасць, у Я. Чачота — адоранасць, а ў А. Міцкевіча — геніяльнасць.

І, што яшчэ больш важна, сваімі ўчынкамі Ігнат Дамейка пацвярджаў тыя высокія маральныя прынцыпы, якія ён вызначыў для сябе ў жыцці. У якасці доказу гэтай думкі дастаткова прывесці хаця б такія, здавалася б, розныя рэчы, як перапіску начыста (для А. Міцкевіча) «Пана Тадэвуша» ў Парыжы і гарачую абарону годнасці індзейскага племя араўканаў у Чылі. Нават вялікі бацькоўскі смутак наконт жыцця дачкі Аны, якая паехала ў Еўропу з пляменнікам Лявонам, дачкі, у якой здароў’е было не у лепшым стане і якая выехала «з цёплага краю» да «краю суровых зім» [6], дастаткова характарызуе І. Дамейку з пункту гледжання маралі і чалавечнасці.

Застаецца засяродзіцца на эстэтычным баку духоўнага вобліка вялікага вучонага. Нягледзячы на тое, што ў філамацкіх колах І. Дамейка быў прадстаўніком навуковага аддзела (саюза), у той час, як Я. Чачот быў выбраны кіраўніком літаратурнай творчасці — ён далучыўся да літаратурнай творчасці сваіх сяброў. Зразумела, што і асабістае сяброўства з такім геніяльным мастаком, якім з’яўляецца Адам Міцкевіч, не магло прайсці дарэмна для такой адоранай асобы, якой быў Ігнат Дамейка. Пра гэта дастаткова яскрава сведчыць і факт перапіскі ім «Пана Тадэвуша».

Цяжка уявіць сабе, што непасрэднае далучэнне да выдатнага твора (маецца на ўвазе міцкевічавы тэкст) магло прайсці для Дамейкі бясследна.

Асаблівае месца у спадчыне І. Дамейкі займаюць яго дзённікі, яго ўспаміны, дзе перажытае, перадуманае «бярэ нас і ўносіць вышэй і мацней за існае, і ў тым, што было, жывём мы вечнай маладосцю, наперакор нашай сівізне і старэнню».

Сустрэча з роднымі мясцінамі амаль праз паўстагоддзя, сустрэча з матчынай магілай выклікалі да жыцця старонкі, як мы б ацанілі, з пункту гледжання літаратурнай крытыкі, як якасную «спаведальную» прозу: «…Ах! Каму ж гэта яшчэ дазволіць Бог пасля паўвекавога выгнання вярнуцца з-за мора, з другога паўшар’я свету і ўкленчыць над магілай маткі, благаславенне якой сцерагло мяне ў вандраваннях. Няхай набожныя слёзы гэтыя будуць Богу на ахвяру за тваю шчодрасць, за ўсё тое, што ты дала мне… Пры расставанні тваё сэрца прадчувала ўжо, што мы болей не ўбачымся, што я ўжо ніколі не абдыму цябе…» Думаецца, што гэтыя словы, акрамя дасканалай формы, маюць яшчэ і насычаны эстэтычны змест.

Да сферы эстэтычнага можна аднесці, на наш погляд, і стаўленне І. Дамейкі да замежных моў. У юнацтве (думаецца, яшчэ ў шчучынскім піярскім вучылішчы) Дамейка пазнаёміўся з замежнымі мовамі, вывучаў лацінскую. Пасля заканэчння універсітэта ён добра ведаў французскую і англійскую мовы. Пра польскую і беларускую нават няма гаворкі, улічваючы абставіны яго жыцця ў юнацкім узросце.

Пасля пераезду ў Чылі ён за тры месяцы авалодаў іспанскай мовай, потым выкладаў на ёй, пісаў кнігі.

Зразумела, арганізіаванасць і сканцэнтраванасць на прадмеце дапамагалі даследчыку, але тут быў патрэбны і непасрэдны ток творчасці. У апошняй Дамейку цяжка адмовіць. Зразумела, прамое параўнанне з А. Міцкевічам немагчыма, але мы не да канца падзяляем выснову З. Вуйціка, што двух сяброў прынцыпова адрознівалі імправізацыйнасць (вызначальная рыса А. Міцкевіча) і арганізаванасць (вызначальняа рыса І. Дамейкі) [7]. Так, Дамейка як навуковец быў, зразумела, арганізаваны, але такім чынам, што гэта не перашкаджала яго творчаму парыву.

Дамейка, спалучаючы ў сабе на высокім узроўні веды, веру, дабро і красу, быў сапраўдным носьбітам культуры. Перш за ўсё, нацыянальнай — і этычны і эстэтычны бок яго шматграннай натуры яскрава сведчыць пра гэта.

А яшчэ, як і А. Міцкевіч, ён быў пілігрымам. Сучасны украінскі даследчык дастаткова дакладна падкрэслівае дыхатамічнае значэнне гэтага паняцця [8]: з аднаго боку пілігрым — гэта паэт, вандроўнік, а з другога — новы Праметэй, які магутным усплескам сваёй творчасці надае новы рытм жыццёва-культурнаму працэсу.

Менавіта такім быў І. Дамейка. Ягоны магутны выраз у чылійскай і сусветнай культуры сведчыць толькі аб адным. Моцны носьбіт нацыянальнай культуры сваёй творчасцю закладвае якасны фундамент для міжкультурных кантактаў. Нават і такіх далёкіх краін, якімі з’яўляліся ў Х1Х ст. Літва-Беларусь, з аднаго боку, і Чылі — з другога.

Resume

Ignat Domeyko and inter-cultural relation problems

Ignat Domeyko is a great scientist. In this article he is shown as a representative of the national culture. I. Domeyko’s spiritual character combines exalted knowledge, belief, profound morality and finest esthetic feeling, which makes it possible to provide international contacts between such distant countries as Lithuania-Belarus and Chili.

Vadzim Salejeŭ

Ihnat Damiejka and inter-cultural relation problems

Ihnat Damiejka is a great scientist. In this article he is shown as a representative of the national culture. Damiejka’s spiritual character combines exalted knowledge, belief, profound morality and finest esthetic feeling, which makes it possible to provide international contacts between such distant countries as Lithuania, Belarus and Chili.


[1] Бандарэнка М. Чылійскі беларус Ігнат Дамейка // ЛіМ. 2002. 9 жніўня. С.13.

[2] Салееў В. А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994; Духовность и образование в преддверии ХХI века // Наука и образование на пороге Ш тысячелетия. Мн., 2000. Кн. 2; Духоўнасць і культура // Народная асвета. 2001. № 6.

[3] Баранава А., Ярмоліч С. Асветніцкія погляды Ігната Дамейкі // Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: Матэрыялы 3-х і 4-х Карэліцкіх чытанняў. Мн., 1998. (Беларусіка=Albaruthenica; Кн. 10).

[4] Гурын М. Ігнат Дамейка як асоба і даследчык // Ян Чачот, Ігнат Дамейка… С. 66.

[5] Domeyko I. Moje: Pamietniki wygnańca. 1839–1845. T. 2. S. 335.

[6] Surwiło J. O Adamie Mickiewiczu niekonwencjonalnie od Wilna po Nowy Jork. Wilno, 1998. S. 38.

[7] Wójcik Z. Adam Mickewicz — Ignacy Domeyko: Dzieje przyjaźni // А. Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы міжнар. навук. канферэнцыі. Мн., 1998. (Беларусіка=Albaruthenica; Кн. 11).

[8] Радишевський Р. Великий пілігрим і пророк // А. Міцкевич і Україна. Київ, 1999. С. 26.