|
Скарынаўскі
Цэнтр - выданні:
Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.) Алесь
Сімакоў (Гомель) Звычайны беларускі чытач, знаёмы з ідэяй своеасаблівай прагрэсіўнай выключнасці Дамейкі: «Далёка не кожны і сёння ў цывілізаваным свеце» «ўбачыць» «нейкае там племя» «ў нечым больш культурным» за развітыя народы, яшчэ не чытаў са збянтэжанасцю, што «Дамейка быў не вельмі паслядоўны ў сваіх поглядах», а вынікала гэта з яго раздвоенасці на фундаментальнага католіка і рамантычнага прыхільніка доблесці — як Вальдывіі, так і Лаўтара! Не заўважаючы сваёй непаслядоўнасці, ён сцвярджаў, што Чылі «падзелена ўпартасцю гэтай жменькі паганцаў, непрыязных цывілізацыі і агорнутых цемнатой варварства». «Трэба прызнаць, што ў гэтай крайне еўропацэнтрычнай і прынцыпова непрыязнай аўтахтонам заяве Дамейка паказаў сябе як чалавек малаталерантны ў адносінах да чужой культуры». Каталіцка-антыпаганскія, праканкістадорска-цывілізатарскія погляды «Gran(de) Educador’а» крытыкуе М. Парадоўская з Народнай Польшчы. У гэтым паведамленні мы разглядаем: 1) этнічныя стэрэатыпы, тыповыя ўяўленні пра мапучэ, 2) стэрэатыпы ўспрымання, на якія ўплывае характар дамейказнаўчых крыніц, даступных аўтарам, кожны з якіх дадае ў свой твор індывідуальныя індзеянісцкія ўяўленні. Колькі інфармацыі пра індзейскія «стасункі» Дамейкі з пункту гледжання змястоўнасці, калі чытаць выключна беларускія выданні, можна атрымаць, і як не стаць ахвярай клішэ і памылак: наколькі вялікая колькасць недакладнасцяў або неаб’ектыўных, некарэктных ацэнак, тэндэнцыйнасці накапілася ў беларускай дамейкіяне? Толькі ў нямногіх публікацыях, прысвечаных Дамейку, не закранаецца індзейская тэма. Араўканія і яе жыхары араўканы, або мапучэ, неад’емныя ад жыццяпісу вучонага падарожніка. Мы аналізуем змест 104 пазіцый, зарэгістраваных ў «Беларуска-індзейскай бібліяграфіі» БІТ. Абмежаваны аб’ем прымушае нас зняць персаніфікацыю большасці цытат. Больш глыбокі аналіз этнаграфічнага і гістарычнага матэрыялу ў дамейкіяне — задача, адпаведна, больш глыбокага даследавання, і матэрыял для яго сур’ёзна павялічыцца з перакладам «Араўканіі» на беларускую мову. У пераліку памылак, памылковых стэрэатыпаў мы не заўсёды кіраваліся крытэрыем неаднаразовага іх паўтору, даведзенага да максімуму ва ўпарта паўтараемай прэстыжнай, але сумніўнай фразе пра пераклад «Араўканіі» на «іншыя мовы» альбо сусветную геаграфію яе чытання. Артыкул Варатнікова (1988) з’явіўся ў рубрыцы часопіса «Бярозка» «Беларускія Калумбы», а 2 жніўня 2002 г. рэдакцыя газеты «Наша ніва», друкуючы ўрыўкі з дзённікаў Дамейкі, назвала яго «беларускім Калюмбам». Тэксты змешчаны на «старонцы» «Занатоўкі беларускага канкістадора» і з вызначеннем Дамейкі як «паўстанца і добрага канкістадора» ва ўводзінах да тэкстаў. Мы не аспрэчваем права на падобны «плюралізм у адной галаве» рэдакцыі, якая і раней прапускала ў сваю газету заклікі да з’яўлення беларускага канкістадора. Адкуль бярэцца такая трактоўка чалавека, які вядомы пераважна як «вялікі асветнік»? У 2001 г. ўпершыню ў беларускім друку акцэнтавалася ўвага на тое, што Дамейка вывучаў і прапагандаваў шляхі вырашэння «араўканскай праблемы», ужываючы ў сваёй знакамітай кнізе тэрмін «рэдукцыя» з асноўным значэннем «пакарэнне». Хто як не канкістадор, нават калі ён тэарэтык, займаецца пытаннямі пакарэння? А добры ён таму, па відавочнай аналогіі з «добрым дзікуном», што, сапраўды, шукаў найбольш гуманныя шляхі. Гэтую спробу разбурэння стэрэатыпаў можна было б вітаць, калі б «постмадэрнісцкі» гумар не прывучаў да легкаважнасці ў адносінах да такой крывавай, жорсткай з’явы, як канкіста. Аднак успрымаць Дамейку добрым канкістадорам ёсць важкія падставы. Колькасныя паказчыкі беларускай дамейкіяны сціплыя ў параўнанні з польскай і польскамоўнай, але тым не менш уражваюць, асабліва ў «дзяжурна»-згадкавай частцы. «Ідалагізацыя» шмат у чым шкодзіць іміджу Дамейкі, які быў больш складанай і супярэчлівай асобай, чым гэта падаецца ў папулярных даведках і аглядах, і не дае правільных арыенціраў для чалавечай салідарнасці ва ўмовах глабалізацыі. Аднастайныя, тыпізаваныя фармуліроўкі складаюць стэрэатыпы, якія пагражаюць «увекавечваннем» скажонага вобраза «нацыянальнага героя» адразу чатырох або пяці краін, уключаючы Араўканію. Беларуская дамейкіяна (мы не ўключаем у яе друкаваную прадукцыю Вільні і іншых тэрыторый па-за сучаснымі межамі Беларусі, на якія ўплыў Дамейкі быў і ёсць значны), з’явіўшыся ў выглядзе асобных згадак (напрыклад, Л. Цьвяткоў, 1927) у міжваенны перыяд, па-сапраўдаму пачынаецца з уключэння Дамейкі ў артыкул Дамінікоўскага (1945). Фіксацыя ў тэксце тапоніма Араўканія сведчыла пра нараджэнне ў беларускім пісьменстве тэмы, якая знаходзіцца на скрыжаванні дамейказнаўства і араўканалогіі (араўканістыкі). У 1961 г. друкуецца рэцэнзія Мальдзіса на кнігу Я. Бжозы, у 1965, 1967 і 1968 гг. — артыкулы Клейна, Мальдзіса і Грыцкевіча. Выходзяць (1968) дзве кнігі з главамі пра Дамейку (Грицкевич; Клейн). У 1969 г. друкуецца кніга Мальдзіса з адпаведным раздзелам, у 1971 г. з’яўляецца асобны артыкул у БелСЭ, у 1972 г. беларускі аўтар выводзіць Дамейку за паўднёвыя межы Беларусі, а ў 1974 г. на яго звяртае ўвагу беларускі эмігрант. Нарыс Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», як і артыкул «Нашы папярэднікі» Калубовіча, друкуецца ў самой Беларусі пазней, прычым вобраз «напаўдзікіх» мапучэ, якіх бароніць іх сябар-беларус, у беларускіх выданнях на французскай, англійскай і нямецкай мовах разыходзіцца невялікім тыражом, але па многіх краінах («travelled among the half-savage Arauchanіans (sіc!), became theіr frіend and stood up for theіr rіghts»).Тэксталагічна выяўляецца, што крыніцамі для большасці аўтараў з’яўляюцца першыя, піянерскія работы Мальдзіса (выкарыстоўвае віленскую «Араўканію»), Клейна і Грыцкевіча (абапіраецца на «Мае падарожжы») і толькі з 1990-х гг. адзначаюцца новыя спробы самастойна цытаваць «Араўканію»-1860 і арыгінальна трактаваць дамейкавыя рэаліі. Першая нататка, спецыяльна прысвечаная праблеме перакладу «Араўканіі» на беларускую мову, датуецца 1989 г. Кароткі, хоць і спознены анонс-рэцэнзія «Араўканіі»-1992 і адначасова паўторны заклік да патэнцыяльных перакладчыкаў былі змешчаны ў «Нашай ніве» (1996). Бібліяграфічныя запісы абедзвюх кніг двухмоўнага варшаўска-кракаўскага выдання з экзэмпляраў бібліятэкі Беларуска-індзейскага таварыства з’явіліся там жа, польскага тома — таксама ў «Кантактах і дыялогах» (у рэдакцыю бюлетэня паступілі ў 1998) і ў рабоце Вуйціка (…Памяць роднай Навагрудчыны, 1998). Нарэшце, паведамленне (2002) пра мяркуемы выхад яшчэ аднаго білінгвістычнага выдання (польскае пасольства ў Чылі пры падтрымцы Варшаўскага універсітэта). Першая дастаткова грунтоўная адначасова дамейказнаўчая і араўканалагічная праца належыць Мальдзісу (1998). Істотная заўвага адносна колькаснай характарыстыкі дачынення аўтараў да індзейскай тэмы: Арлоў, Мальдзіс, Грыцкевіч, Клейн, Багадзяж, Караткевіч звяртаюцца і да іншых вузлавых «беларуска-індзейскіх» тэм. Практычна не адбылося развіцця іканаграфічных адлюстраванняў мапучэ ў беларускай дамейкіяне. Неабходна адзначыць руплівасць Мальдзіса і асабліва Грыцкевіча, які, у дадатак да «малюнка Дамейкі» жанчын-мапучэ, падабраў іншыя арыгінальныя ілюстрацыі. Араўканія, межы якой вызначаліся па-рознаму, але ў цэлым адпавядаюць правінцыям Араўка, Мальека, Каўцін і Вальдывія, якія пасля 1974 г. апынуліся ў 8, 9 і 10-й «абласцях», — частка чылійскай тэрыторыі, што супадае з арэалам мапучэ, хаця апошні пераходзіць на аргенцінскую тэрыторыю. Уласна, зямля мапучэ была намінальна падзелена іспанцамі на 4 акругі, якія зваліся мапу, адкуль П. Нойман выводзіць і сучасны этнонім для ўсіх «араўканцаў» — мапучэ. «Вобласць», «аўтаномная» або проста «правінцыя на Пд Чылі», «малавывучаная тэрыторыя Араўканія», землі або тэрыторыі, якія «толькі намінальна лічыліся чылійскімі», «краіна, што ляжала на поўдзень ад Чылі», «бедная краіна», мяжа якой была мяжой паміж гэтай «беднай краінай і самай магутнай ды самай багатай імперыяй, над уладаннямі якой не заходзіла сонца». Вызначэнні, што тычацца мапучэ: «cыны Дакалумбавай Амерыкі», «абарыгены Чылі, што пражывалі ў Араўканіі», «свабодалюбівыя індзейцы», «гераічны народ», «не дзікуны»; «дзікія/паў- або напаўдзікія/амаль дзікія», «амаль дзікае індзейскае племя», «напаўдзікія індзейскія плямёны араўканаў». Колькасна «араўканы» нашмат часцейшыя, чым араўканцы», а беларуская форма «арауканцы» (так!) у «падрыхтоўчым матэрыяле» да БелСЭ Грыцкевіча (1968) у самой энцыклапедыі не выкарыстана. «Араўканцы» — сведчанне карыстання рускімі «першакрыніцамі». Рэдкі пакуль этнонім «мапучэ» ўпершыню фіксуецца ў Грыцкевіча (1984) — вопытнага і карпатлівага ленінградскага даследчыка, крыніцай якога магла быць не толькі польская дамейкіяна, але чылійская, амерыканская і іншая, а таксама дапаможныя выданні. У артыкуле Станкевіча (1997) адзін этнонім — «мапуча», і тлумачыць гэтую форму магчыма як памылкай напісання, паўторанай услед за БелЭн (Т. 1, 1996), так і ўплывам польскай літаратуры, дзе, акрамя мапучэ, адзначана і «Mapucha» (Dzіewulska-Karbowska J. Araukanіe-Mapucha і jeszcze raz… Domeyko — справаздача з І Араўканістычнага кангрэса, 1961, у бібліяграфіі кнігі З. Вуйціка (1995). Сам Дамейка «mapuches» не ўжывае. На старонках «Араўканіі» з «рэгіянальнай» этнаніміі сутракаецца: бароа, кечэрэгуа, кунка, макегуа, пампа, пелекаўін, петрускен, пеўэнчэ, пурэн, пуэльчэ, уільічэ, чольчаль, а ў «Падарожжы ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў», як яно апублікавана ў 1992 г., дадаткова да бароа і ўільічэ — пільмайкен і патагонцы. Кнігу Дамейкі адносяць да жанру «падарожжа». Мэта яго была «філантрапічная», характар, згодна з думкай знаёмых чылійцаў, — небяспечным для жыцця «вар’яцтвам»: індзейцаў мапучэ «ўсе (у Чылі? у Паўднёвай Амерыцы? у свеце? — А. С.) лічылі амаль (! — А. С.) дзікунамі». Нашым аўтарам імпануе, што мапучэ падаліся «беларускаму даследніку», «геолагу, мінералогу і этнографу» «спакойнымі людзьмі, якія не імкнуліся да багацця, зручнага жыцця ці іншых выгод». Прывабны характар мапучэ «ў час міру» прадстаўляецца ў адной з найбольш частых і кранальных цытат. У рэчышчы канцэпцыі «добрага дзікуна» практычна ўсе аўтары пазбягаюць увагі да дзеянняў індзейцаў, калі іх апаноўвае «страсць, злосць або эгаізм». Бясстрашная крытыка: «не пабаяўся крытыкаваць урад Чылі за несправядлівае, нехрысціянскае абыходжанне» з мапучэ, «паўшчуваў чылійцам за намер прадоўжыць вайну дзеля захопу гэтай краіны»; «папракаў чылійцаў за варожасць да мапучэ»; «крытыкаваў захопніцкую палітыку абшарнікаў, якія зганялі мапучэ з іх зямель, заклікаў адмовіцца ад ваенных дзеянняў і стварыць у Араўканіі школы». Праваабарончыя матывы: «горача абараняў правы індзейскіх плямён», «адкрыта абараняў».У «індзеянісцкіх поглядах» Дамейкі нас найбольш цікавяць параўнанні, якія, пры ўсёй іх тэндэнцыйнасці, даюць матэрыял для каштоўнаснага аналізу, ацэнкі культурных і гуманістычных якасцяў «дзікуноў» і «каланізатараў». Выснова: мапучэ і продкі еўрапейцаў аднолькавыя «ў час вайны», але ветлівасць, гасціннасць, годнасць, дабрачыннасць, імкненне да незалежнасці, міралюбівасць, павага, прадбачлівасць, схільнасць да парадку і нават энергічнасць падаюцца больш развітымі ў мапучэ, чым у чылійцаў. Толькі адзін з фактаў, якія адрозніваюць мапучэ ад белых у лепшы бок: «прарочыя словы» правадыра («Не бойся тут [у Араўканіі] нічога, там цябе абкрадуць іспанцы!»). Беларуска-індзейская кампаратывістыка становіцца магчымай толькі з пачаткам «перабудовы», прычым гэта тычыцца ў значнай ступені і «дакастрычніцкіх» беларусаў. Сам Дамейка «адшукваў у краю араўканаў тыя рысы, якія нагадвалі яму радзіму», але гэта былі толькі драўляныя хаціны, агароджы, «падобныя на нашыя»… «Паслякалумбавыя» індзейцы і «паслякастрычніцкія» беларусы сустракаюцца толькі ў 1990-я гг. Яшчэ асцярожна, але наводзіць масты паміж беларусамі і індзейцамі ў 1989 г. Сіцько: «Араўканія» «заклікала паважаць свабоду, грамадскі лад і звычаі не толькі карэнных жыхароў той далёкай краіны. Гэта землякі разумелі…» Мальдзіс (1998) ужо неаднаразова падкрэслівае актуальнасць выказаных Дамейкам ідэй як у 1860-я гг., так і ў наш час. У падсумаванні Карэліцкіх чытанняў 1997 г. Шкурко вывад Мальдзіса падаецца яшчэ больш выразна: «Араўканія» 1860 г. «выклікала асацыяцыі паміж паняволенымі араўканцамі і беларусамі і тым самым рэвалюцыянізавала грамадства напярэдадні паўстання». Заўважаны не толькі меркаванні, «сугучныя з настроямі будучых паўстанцаў Кастуся Каліноўскага» («Думка аб праве паўднёваамерыканскіх індзейцаў на свабоднае і заможнае жыццё (актуальнай яна была і для тагачасных беларусаў!»), але і многае іншае, што «надзённа гучала і гучыць для беларусаў — і ў 1860 г., і цяпер». Напрыклад, Мальдзіс быццам бы «прапануе» замяніць лінгвонім: «чыноўнікам трэба ведаць араўканскую мову». Сувязь «Араўканіі» 1860 г. і паўстання 1863—1864 гг. — лейтматыў даклада Мальдзіса «Актуальнасць віленскага выдання «Араўканіі» 1860 г. — не магла не звярнуць увагі: выйшла, «магчыма, не выпадкова напярэдадні паўстання». Мы не маем звестак пра шырокае чытанне, на што ўказваюць нашы дамейказнаўцы, і цытаванне, увогуле распаўсюджванне тыражу «Араўканіі» на беларускіх землях і вакол іх. Тым не менш, напрыклад, В. Каратынскі «не мог не захапіцца пазіцыяй свайго вялікага земляка ў дачыненні да араўканаў». Аднак фон, кантэкст жыцця і дзейнасці Дамейкі ў Чылі недастаткова добра ўяўляюцца і ўзнаўляюцца аўтарамі. Адмоўныя бакі лацінаамерыканскай рэчаіснасці ў XІX ст., якія актуалізуюцца ў сувязі з пераваротамі і жорсткасцямі новага часу (Піначэт і г.д.), практычна не адбіваюцца, аднак, на «палітычным» змесце дамейкіяны. Паглыбленне ў рэаліі Араўканіі/»Араўканіі» дазваляе, між тым, убачыць «прыкметны рэгрэс» у мапучэ дамейкаўскіх часоў у параўнанні з часамі Вальдывіі і Эрсільі-і-Суньігі. Тут мы зноў канстатуем непаслядоўнасць і амбівалентнасць Дамейкі, які да таго ж не мог не ўвабраць некаторыя рысы своеасаблівай лацінаамерыканскай «двудушнасці». Кніга Дамейкі «спадабалася чылійцам, хаця аўтар і абвінаваціў іх у несправядлівых адносінах да карэнных жыхароў краіны» (або амаль тое ж: «Нягледзячы на абвінавачанні ў несправядлівых адносінах да абарыгенаў, кніга прыйшлася даспадобы чылійцам»). Ён піша пра незалежнасць мапучэ і адсутнасць неабходнасці каланізаваць іх землі, але «падштурхоўвае» да інтэграцыі, як вынік іх «падрыхтаванасці да грамадскага жыцця ў незалежнай Чылійскай рэспубліцы». Пры гэтым неталерантныя выказванні Дамейкі перамяжоўваюцца з надзвычай яскрава выказаным абурэннем супраць падыходаў і дзеянняў чылійцаў. З адной і той жа пазіцыі хрысціяніна ён асуджае (паганскія) практыкі мапучэ і паводзіны прадстаўнікоў «народаў хрысціянскага свету». Нават у час свабоды антырэлігійнай прапаганды не была выкарыстана магчымасць паказаць, што каталіцызм перашкаджае Дамейку абсалютызаваць крытыку каланіялізму. У рэлігіязнаўцаў і крытыкаў рэлігіі не хапала адпаведнай фактаграфіі. З цягам часу «ўрад прыслухаўся да прапаноў» Дамейкі, уплыў якога на дзяржаўную палітыку не падлягае сумненню. Пасля ўліку яго пазіцыі Дамейку «агарнула вялікая радасць і павага грамадства Чылі». «Так грамадзянскай мужнасцю нашага земляка былі выратаваны ад гібелі на вайне тысячы маладых чылійцаў». Той жа аўтар пад іншым іменем: «Ужо толькі за гэта наш зямляк заслужыў сабе помнік». Гэтую ідэю Пашкоўскі вынес нават у загаловак артыкула: «Жэгота, або Каго любілі чылійскія генералы». Але бліжэй за іншых да рэальнага стану рэчаў Клейн: «Араўканія» «прыцягнула ўвагу грамадскасці і дапамагла змякчыць долю» мапучэ. Толькі беларус-ленінградзец ва ўсесаюзным геаграфічным часопісе піша, што чылійцы, хоць і з цяжкасцю, але пакарылі мапучэ. Ніхто не згадвае паездку Дамейкі на паўночныя граніцы Араўканіі ў 1882 г. (заключны этап Ціхаакіянскай вайны і фінальная стадыя пераходу Араўканіі пад чылійскую юрысдыкцыю), хаця і яго добра агучаная паездка ў Еўропу, на радзіму, «аддае» пратэстам (звяртае ўвагу, што «Kronіka Rodzіnna» прымяркоўвае да яе «Urywkі z podróży do kraju Araukanów», 1884). Не мае рацыі Сіцько: ні ў далейшым, ні пазней («впоследствии») Чылі не «адмовілася ад намеру заваяваць Араўканію», заваяванне гэта мусіла адбыцца як ваеннае забеспячэнне гаспадарчага асваення мапучыйскіх тэрыторый, да чаго пракладваў шлях і Дамейка. Мы не назіраем істотнай эвалюцыі поглядаў гэтага праціўніка матэрыялізму к 1883 г., калі араўканска-чылійскае пагадненне замацавала падпарадкаваны статус рэдукцый (рэзервацый) мапучэ. Тым не менш: «Павага і любоў да людзей асабліва праявілася» менавіта ў яго адносінах да мапучэ. Мы не маем намеру спецыяльна аналізаваць выраз «светач цывілізацыі», але сам Дамейка неаднаразова скептычна адзываўся аб узроўні цывілізацыі сваіх белых суайчыннікаў, пасяленцаў, уключаючы метыснае насельніцтва, прыгранічных (мяжуючых з Араўканіяй) раёнаў, і ў гэтым сэнсе ён сапраўды быў «светачам». Сведчаннем вялікай вагі Дамейкі служыць не толькі ўключэнне біяграфічнай даведкі пра яго ў падручнікі геаграфіі (Зыль, Рылюк, 1993), але і вынясенне яго з раздзела пра ўраджэнцаў Беларусі — даследчыкаў мацерыкоў у раздзел пра геаграфічныя даследаванні Амерыкі (гэтаму ўзроўню не адпавядае, напрыклад, К. Ельскі). У энцыклапедычных артыкулах Араўканія падаецца як месца геалагічных, мінералагічных даследаваняў, з удакладненнем «правінцыя» або «аўтаномная правінцыя» «на Пд». Галоўная кніга Дамейкі не згадваецца ні ў асноўнай частцы, ні ў літаратуры да артыкулаў. Менавіта энцыклапедычная форма дазваляе найлягчэй прасачыць дапрацоўку, наследаванне. З артыкулаў пра Дамейку ў энцыклапедыях немагчыма даведацца пра яго падтрымку індзейскага супраціўлення і правоў мапучэ на самавызначэнне і распараджэнне ўласнымі рэсурсамі. Паводле іх, Дамейка даследаваў Араўканію, маючы на ўвазе яе гаспадарчае выкарыстанне, і як вынік — з’яўленне ў ёй населенага пункта імя Дамейкі. Сярод тэм навуковых прац называецца «гісторыя Араўканіі», але гістарычную частку яго кнігі можна назваць толькі «папулярным экскурсам». Артыкул для БелЭн кампануецца па мадэлі папярэдніх, Араўканія згадваецца нават двойчы: даследаванне яе і «горад у Араўканіі на Пд». Месцазнаходжанне («Пн» ці «Пд») і статус (горад ці порт) апошняга вар’іруюцца ў розных энцыклапедыях. Памылкі, своеасаблівая наіўнасць і домыслы, «спрошчаны» аўтарскі стыль прысутнічаюць ва ўсіх сектарах друкаванай дамейкіяны. У выніку ненаўмыснай «папулярызацыі» з’яўляюцца «спрошчаныя» фразы накшталт: «наведваў плямёны індзейцаў» і — яшчэ прасцей, у хуткім пераліку — «жыве сярод індзейскіх плямён»; «Радзімай іх з’яўляліся цяжкадаступныя куткі Чылі»; «сустрэлі «бледнатварага» госця вельмі зычліва» (1969, 1997, аўтары розных пакаленняў слова ў слова), прыходзілася спаць у «гасцінных вігвамах»; «Без усялякіх прадузятасцяў Дамейка знаёміўся з бытам і норавамі цемнаскурых людзей»; «Яго вельмі цікавілі пытанні этнаграфіі»; «Па матэрыялах паездкі ў раён Араўканіі ён напісаў кнігу» (фразы, спецыяльна прызначаныя для школьнікаў); сабраныя ж «фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы» потым набудуць характар фразеалагічнага звароту. У пагоні за квяцістасцю беларускі пісьменнік збірае разам вядомыя нам штампы, «дадумваючы» іх: «Доўгія месяцы Дон Ігнацыо жыве сярод амаль не кранутых цывілізацыяй плямёнаў Араўканіі. …Па слядах экспедыцый Дамейкі ішлі будаўнікі новых шахтаў, біёлагі, а часам і этнографы, бо на поўдні краіны ён сабраў унікальны фальклорны матэрыял». Наіўнае на мяжы выяўлення прыярытэтных памкненняў: «цікавіцца не толькі карыснымі выкапнямі ды мінераламі, усімі яе прыроднымі багаццямі», «але і жыццём» насельнікаў, «і асабліва» індзейцаў. Наіўнае на «мяжы» савецкай (контр)прапаганды, схільнай да перабольшанняў: «Араўканія»: «Пранікнутая любоўю да мужнага індзейскага народа, пагардай да каланізатараў»; «падзяліўшы з імі крыўду на бязлітасных еўрапейскіх прыхадняў». Двухсэнсоўныя, ні да чаго не абавязваючыя заявы, якія немагчыма праверыць: караскаецца да вяршынь, «куды не ступала нага нават карэннага чылійца». У Беларусі і Літве «не было тады сярод адукаваных людзей такіх, хто б не прачытаў яго кнігу»; «на доўгі час стала настольнай кнігай на тэрыторыі ўсёй Беларусі». Апафеоз няправільных «храналагічных» уяўленняў пра літаратурны помнік Дамейкі: напісаная адразу пасля падарожжа, кніга выдадзена «ў 1860 г. на польскай мове і ў наступнае дзесяцігоддзе была перакладзена на многія замежныя мовы». Іншыя распаўсюджаныя памылкі наступныя. Год выезду ў Араўканію падаецца як 1845; у лепшым выпадку гэта ўезд ў яе. Дапушчэнне, што «Араўканія і яе жыхары» — першапачатковая назва твора (пазней ён, верагодна, называўся «Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў»?). Уяўленне, што «Араўканія» ўпершыню выдадзена не ў 1845, а ў 1860 г., і, адпаведна, аднясенне яе да літаратуры Беларусі, што ўяўляецца яўнай нацяжкай (выданне перакладу ў Вільні — факт «калябеларускай» літаратуры, але не твор самой такой літаратуры). Пераклад выдадзены ў 1860 г., а ўражанні ён павінен быў выклікаць чамусьці ў 1861 г., і іншыя выпадкі памылкі з датаваннем кнігі. Памылка ў тапоніме і бібліёніме: «Араўкарыя», «Аўраканія», а таксама «аднайменныя паэмы «Араўканія» Эркілі і Асорыі». У «перакладзе» з беларускай на рускую этноніма — «аравканы». Антрапонім у бібліяграфічных апісаннях «Араўканіі»-1860 (правільна Domejko). З памылковай транскрыпцыяй даецца імя сына Дамейкі Эрнана, і зусім няма сведчанняў, што названы ён быў у гонар канкістадора Картэса. «Неглубокае» перакананне, што мапучэ — гэта адно племя (у той час як існуюць нават асобныя араўканскія мовы, што аб’ядноўваюцца ў моўную сям’ю). Скажэнні «экзатычнай» лексікі: куэча і чуэка… Мы не схільныя драматызаваць даволі значную колькасць памылак, у т. л. ў энцыклапедычных артыкулах. Больш шкодныя ідэалагічныя тэндэнцыі ў аўтараў, клішэ і ператварэнне часткі «дакументальнай» дамейкіяны ў «мастацкую» літаратуру. Верагодна, першым уносіць элементы белетрызацыі ў беларускую дамейкіяну Клаз, хаця ён распрацоўвае эпізод з выкарыстаннем індзейцаў для пошуку салетры каля Антафагасты (не Араўканія), і фантазія малюе яму, як індзейцам пачынае падабацца «просты, не горды белы чалавек», і тое, як ён начуе ў іх «паўночнамерыканскіх» вігвамах. Нас цікавіць рэальнае выкарыстанне навуковай, літаратурнай спадчыны Дамейкі спецыялістамі розных галін і рэальны, а не ўяўны ўплыў яго «этнаграфічных» і палітычных поглядаў на характар і дзеянні беларусаў. Даследчык гісторыі адукацыі і студэнтка педагагічнага універсітэта (Баранава, Ярмоліч) аднымі з першых дэманструюць прыкладную араўканалогію, цытуючы вядомыя радкі пра характар мапучэ «ў нармальным стане», каб прадставіць партрэт «сапраўднага грамадзяніна». «Але дзе сапраўдны крытэрый цывілізаванасці?» Цывілізаванасць паводле Дамейкі ў перадачы беларускіх аўтараў, — не ваяваць, а «будаваць больш школ, рабіць іх дэмакратычнымі, з якаснай формай навучання», хаця яны не зусім карэктна адносяць актуальнасць паняццяў «раўнапраўе народаў», «каштоўнасць і арыгінальнасць кожнага народа» толькі да сучаснасці. Стварэнне музея як заслуга Дамейкі — часты матыў публікацый, але бракуе ўдакладнення, чыя этнаграфія прадстаўлена ў ім. Толькі ў адным ці двух выпадках адзначана прысутнасць індзейскіх артэфактаў. Беларускія музейныя работнікі і музеязнаўцы яшчэ не паведамілі пра ўстаноўленыя з чылійскімі калегамі кантакты па праблеме цяперашняга стану згаданага музея і абменных фондаў.Вярнуўшыся жывым з Араўканіі і не страціўшы пры гэтым прыстаўленага салдата, Дамейка абвергнуў уяўленне пра незалежных індзейцаў як смяротную пагрозу для кожнага «белага чалавека». Ён «абвяргае выдумкі і паклёпы на індзейцаў» — тое, што ў савецкі час называлася «крытыкай буржуазнай гістарыяграфіі». Можна сказаць, што ён не стварае новыя стэрэатыпы, а прапануе новае бачанне старым, падаючы (праз «Араўканію»-1860) польскамоўнаму чытачу, хаця ўжо і абазнанаму ў сусветнай геаграфіі, новы, незвычайны і досыць аб’ектыўны погляд земляка на культурныя тыпы і (між)нацыянальныя праблемы ў адной з максімальна аддаленых ад яго радзімы краін. Мы лічым адыходам ад стэрэатыпаў кожнае нетрывіяльнае слова, упершыню ўжытае ў дамейкіяне (Дамейка, «Наша ніва», 2002). Ва ўмовах, калі «Старажытнае індзейскае мастацтва, незвычайныя магільнікі» пераходзяць у «незвычайнае мастацтва», агульнай рэкамендацыяй было б выдаваць у Беларусі крыніцы па гісторыі Чылі XІX ст. і больш спецыялізаваныя замежныя працы па дамейказнаўству, якія б дапамагалі лепш зарыентавацца ў абставінах жыцця і памкненнях Дамейкі. Індзеянісцкія погляды Дамейкі, у прыватнасці, аналізавала М. Парадоўская. У артыкулах «Даследаванні Ігната Дамейкі культуры араўканаў» (1974) і «Вобраз індзейцаў Паўднёвай Амерыкі ў Польшчы ХІХ стагоддзя» (1981—82), у кнізе «Палякі ў Паўднёвай Амерыцы» (1977) і іншых яна дае ацэнкі, якія мы падзяляем. Самі мапучэ часта ведаюць імя Дамейкі, хаця не заўсёды могуць адказаць, хто гэта, і не вылучаюць яго сярод іншых еўрапейскіх і чылійскіх наведвальнікаў іх зямлі, а яго кнігу наўрад ці разглядаюць як важны дакумент у сваю абарону. Дамейка быў чалавекам, жыццё якога «падзяліў» акіян, маралістычная накіраванасць і служэнне геалогіі. Быць адначасова актыўным католікам, мінералогам і абаронцам індзейцаў магчыма, але звязана з маральнымі стратамі. Каталіцкае «сумленне» прымушае яго апраўдваць канкісту рэлігійнымі меркаваннямі, а сваімі геалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі ён працягвае пачатае канкістадорамі. Дамейка ў сваёй патэтыцы прыгожы і палымяны, але большасць яго гуманістычных выказванняў пра мірнае падпарадкаванне застаюцца толькі публіцыстыкай, якая мала ўплывае на рэальнае жыццё. Чылійцы берагуць кроў сваіх салдат, але неабходнасць далейшай распрацоўкі мінеральных рэсурсаў, адкрытых Дамейкам і іншымі, прымушае іх увесь час быць гатовымі да вайны, якую яны ўрэшце выйграюць (1885). Мапучэ — у чылійскіх рэдукцыях, «малой крывёй», як таго і жадаў Дамейка.Пераходам на новае мысленне нам здаюцца наступныя радкі ў гомельскім бюлетэні «Amnesty Іnternatіonal у Беларусі» (2001): «У Чылі слова «рэдукцыя» ўвайшло ў шырокі ўжытак пасля закона 1866 г., на прыняцце якога маглі паўплываць і мясцовыя «даследчыкі індзейскай праблемы», уключаючы І. Дамейку з яго парадамі пра цывілізаванне і пакарэнне (reduccіo’n, а на яго роднай мове (у тым ліку ў новым перакладзе «Араўканіі і яе жыхароў» (1992) — ujarzmіenіe) араўканаў, і вопыт стваральнікаў паўночнаамерыканскіх reservatіons. У выніку здрадніцкай і захопніцкай палітыкі тых, да каго апеляваў Дамейка, мапучэ апынуліся ў рэдукцыях і страцілі незалежнасць. Не столькі «праараўканскія» выступленні Дамейкі, колькі недахоп сіл у Рэспублікі, аднеслі фармальнае далучэнне Араўканіі да некалі «залежнай» ад Іспаніі тэрыторыі, якая ў час Ціхаакіянскай вайны 1879–83 гг. правяла паспяховыя ваенныя аперацыі супраць Перу, Балівіі і араўканаў, якія скончыліся «рэзерваваннем» тэрыторый на поўнач і поўдзень». Дамейказнаўства і часоў Грыцкевіча, і часоў Гурына (за выключэннем названых) стараецца абмінаць непрыемныя моманты міжамерыканскіх войнаў і канчатковага «пакарэння» мапучэ. Калі перавесці рэаліі Араўканіі на Польшчу, то рэцэпт Дамейкі павінен гучаць так: палякаў нельга схіляць у праваслаўе, ужываючы зброю, каланізаваць іх землі — добрымі расіянамі іх можна зрабіць праз «пакарэнне» (reduccіo’n). Побач з Польшчай ёсць землі (напрыклад, у Беларусі), якія належаць ураду, і г. д. Заваяванне Польшчы было б злачынствам, аплочаным рускай (расійскай, праваслаўнай) найкаштоўнейшай крывёй.Перспектыўнай была б распрацоўка кампаратывістычнай схемы «Араўканія–Чылі–Іспанія: Беларусь–Польшча–Расія (Расійская імперыя)». Мэтазгодна разнастаіць дамейкіяну за кошт правераных звестак накшталт перавыдання «Араўканіі» ў 1845 і ў 1846 гг., а таксама ў 1971 г., і адшукаць больш спасылак на яе ў сусветнай араўканалогіі, чым знайшла М. Парадоўская, каб даказаць сапраўды сусветны і універсальны, а не лакальна-чылійскі мінералагічна-адукацыйны маштаб асобы Дамейкі. Пра пераклады «Араўканіі» на замежныя мовы піша нават такі аўтарытэтны даследчык, як М. Парадоўская, але ніхто з вядомых нам аўтараў яшчэ не прывёў канкрэтных прыкладаў. Указанне на англійскі, французскі і нямецкі пераклады «Араўканіі» ідзе з польскіх бібліяграфічных колаў XІX ст. і замацавана ў «Новым Корбуце» (1968), але ні адпаведных апісанняў, ні рэальных сведчанняў аб іх існаванні, што вусна пацвердзіў нам і З. Вуйцік, няма. Такім чынам, усе шматлікія ўпамінанні пра пераклад на іншыя мовы можна разглядаць як фантом, састарэла-неправераную інфармацыю, якая не павінна друкавацца да моманту вызначэння характару, форм і аб’ёму выкарыстання тэксту «Араўканіі» ў любых перакладах, дадаткова да польскага.І, несумненна, найвялікшым імпульсам для развіцця як дамейказнаўства, так і араўканістыкі ў Беларусі стаў бы пераклад яе на беларускую мову, прычым — прынцыпова важна — непасрэдна з іспанскага арыгінала. Наяўнасць кваліфікаваных перакладчыкаў, у т. л. з лацінаамерыканскімі каранямі (сярод якіх К. Шэрман, аўтар адной з першых уласна беларускіх «індзейскіх» кніг — чатырохмоўных «Накірункаў свету»), і зацікаўленых кансультантаў робяць гэтую задачу рэальнай. Крыніцы * Адзначаны публікацыі, што выйшлі за межамі Беларусі, але па розных крытэрыях могуць быць аднесены да беларускай дамейкіяны. // Указанне на зборнік або падборку таго ж аўтара. Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры 1998; Арлоў У. 1996; Асветнікі зямлі Беларускай 2001; Атрашкевіч В. 1987; Багадзяж М. 1997; Баранава А., Ярмоліч С. 1998; Беларусь 1995; Белорусский «экватор» 1988 (2 изд.); Булай М. 1996; Варатнікоў А. 1988; Вуйцік З. Ігнат Дамейка — сябра Адама Міцкевіча… 1998, Ігнат Дамейка, або Памяць роднай Навагрудчыны 1998; Гаранін С. 2000; Грицкевич В. 1968//1968, 1981*; Грыцкевіч В. 1968, 1984; Гурын М. 1998; Дамінікоўскі Ф. 1945; Дамейка І. [ліст з Сант’яга 4.3.1847] 1995, Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў 1995//1995 і 1998, Мае падарожжы 2002; Дамейка Ігнат Іпалітавіч 1971; Доўнар Т. 1995, 2001; Ермоленко В. 1998; Зыль А., Рылюк Г. 1993; Зыль Е., Рылюк Г. 1993 (і інш.); Ігната Дамейку не забываюць 1997; Калубовіч А. 1974*, 1988*, 1991*, 1993//1993; Калубович 1992; Караткевіч У. 1977, 1992, 1995//1995; Кисель В. 2000; Клаз І. 1991; Клаз И. 1978//1978; Клейн Б. 1965, 1968//1968, 1989//1989; Короткевич В. 1972*; Кулік Я. 1996; Ліцвін П. 1997; Мазоўка Н. 1996; Малишевский Я. 2002; Мальдзіс А. 1961, 1967, 1969//1969, 1986, 1995, 1996, 1998, 2000, Мальдзис А. 1997*; Мальдис А. 1994; Мархель У. 1998; Марціновіч А. 1996//1996, 1998; Мысліцелі і асветнікі Беларусі 1995; Пашкоўскі П. 1997; Сачыўка С. 1989; Симаков А. 1991*; Сімакоў А. Беларуска-індзейскія сувязі 1989, Да юбілею Ігната Дамейкі 1989, 1990, «Араўканія» ніяк не вернецца на радзіму аўтара 1996, Беларуска-індзейскае таварыства 1996, 1998, Рэзервацыі свядомасці 2001, Рэзервацыі сумлення 2001; Ситько З. 1989; Славутыя імёны Бацькаўшчыны 2000; Станкевич К. 2002; Станкевіч П. 1997; Трепет Л. 1997; Трэпет Л. 2002; У рэдакцыю бюлетэня паступілі 1998; Філаматы і філарэты 1998; Ходыко К. 1989*; Цвірка К. 1995, 1998; Шкурко Т. Пра нацыянальнага героя Чылі 1997, Прысвечаныя Дамейку 1997; Шчадрына В. 1997; Юрчык Л. 1999; Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча 1998; Ярмоленка В. 1998; Karatkevіch O. 1982; Karatkevіtch U. 1981; Karatkewіtsch U. 1983; Skrobockі E. 1996. Aleś SіmakoǔDamіejka, Araucanіa and the Mapuches: the stereotypes of Belarusіan Damіejkіana The іmage of the Mapuche Іndіans іn Belarusіan Damіejkіana and the іmpact of Іhnat Damіejka on Chіle's Araucanіan polіcy as perceіved іn Belarus are examіned. Quotatіons from many of the 104 lіsted sources to reveal Belarusіan stereotypes of Domeyko as a sympathіzer and defender of the Mapuches, an ethnographer, the founder of an ethnographіcal museum and (a false іdea from Belarusіan encyclopedіas) a fіeld mіneralogіcal and geologіcal researcher іn then іndependent Araucanіa are used. The author calls to verіfy the numerіous mentіons of Araucanіa's translatіons іnto «other» languages (Englіsh, French and German, Nowy Korbut, 1968) wіth no bіblіographіcal record.The great іmportance of the book's proposed Belarusіan translatіon іs stressed. |
||||||||||||||