ЦЭНТР

структура

супрацоўніцтва

перспектывы

навуковая дзенасць

асветніцкая дзейнасць

НАВУКОЎЦЫ
ВЫДАННІ

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі (змест)

ПАДЗЕІ
КААРДЫНАТЫ
СПАСЫЛКІ
  

Скарынаўскі Цэнтр - выданні:

Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.)

Уладзімір Сіўчыкаў (Мінск)
Мой Дамейка (Невялічкае эсэ з нагоды юбілею)

Здаўна недалюбліваю юбілеі і ўсялякія «дацкія» (ад слова «дата») мерапрыемствы. Можа, таму, што, напэўна, усе календары, як месяцавыя, так і сонечныя ды інш., якія былі прынятыя раней або якімі карыстаюцца ў свеце сёння — недасканалыя, бо не зусім дакладныя, а нярэдка і пярэчаць адзін аднаму. А можа і таму, што калі мінуўся, скажам, дзень нараджэння славутасці, дык атрымліваецца, што пра яе нібыта можна і забыцца гадоў на пяць або нават на дзесяць. (Дарэчы, менавіта такой логікай кіруюцца многія журналісты, у чым змог яшчэ раз пераканацца, калі прапаноўваў свае матэрыялы ў нашыя выданні).Але, разам з тым, мушу прызнаць, што круглыя даты даюць пэўныя выйгрышныя магчымасці і маюць некаторыя станоўчыя моманты.

Адным з такіх момантаў стаўся актыўны ўдзел маёй малодшай дачкі Хрысціны ў падрыхтоўцы да святкавання 200-годдзя нашага славутага земляка Ігнацага Дамейкі. З ласкі шаноўнага спадара Адама Мальдзіса (дарэчы, таксама сёлятняга юбіляра!) патрапілі да нас ксеракопіі з польскай кнігі — грунтоўнай манаграфіі Здзіслава Вуйціка «Ігнацы Дамейка. Літва. Францыя. Чылі». Хрысціна натхнілася тымі ілюстрацыямі — старадаўнімі літаграфіямі, малюнкамі і фатаграфіямі ды падахвоцілася на некалькі ўласных графічных аркушаў. Праўда, пасля напружанага навучальнага года, у спякотныя чэрвеньскія дні праца ішла досыць марудна і з перапынкамі. Таму колькі разоў я сядаў поруч з Хрысцінаю, і такім чынам ладзілася творчае спаборніцтва — у каго лепш атрымаецца той ці іншы матыў. Эксперыментавалі — які памер аркуша і матэрыял (сангіна, аловак, шарыкавая або гелевая асадка) больш прыдатны для канкрэтнага сюжэта. Разам і нанова адкрывалі для сябе творчасць Орды, дзякуючы падараванаму Рыгорам Сітніцам альбому «Беларусь у малюнках Напалеона Орды», засяроджваліся на мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Дамейкі, ягоных сяброў і паплечнікаў.

А потым і мая старэйшая дачка Алеся, заінтрыгаваная нашым шчыраваннем, пачала корпацца спачатку ў хатніх энцыклапедыях і даведніках, а потым пайшла ў гарадскую бібліятэку, палезла ў сайты Інтэрнэта, каб болей дазнацца пра вучонага і даследчыка. Яна нават напісала нататку пра яго, апублікавала яе ў выданні для падлеткаў і палюе цяпер на публікацыі пра Дамейку, марыць пабываць на вераснёўскіх дамейкаўскіх чытаннях.

Калі браць па ўзросце, дык дочкі дазналіся пра Ігнацага Дамейку значна раней за мяне, і гэта мяне як бацьку вельмі ўсцешвае.

А маё знаёмства з Дамейкам пачалося ў 1988 г. Працаваў я тады літсупрацоўнікам у часопісе «Бярозка» і рыхтаваў да друку артыкул Андрэя Варатнікова «Вучоны краіны вулканаў» у рубрыку з не вельмі карэктнаю ў адносінах да абарыгенаў Амерыкі назваю «Беларускія Калумбы» (замянілі яе пазней на «Нашы славутыя землякі».)

Дык вось, аказалася, што іменем нашага славутага земляка названыя мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак Nautilus Domeykus d’Orb, фіялка Viola Domeykana Gay, партовы горад Пуэрта-Дамейка ў паўднёвай частцы Чылі і нават горны хрыбет у Андах працягласцю ў трыста пяцьдзесят кіламетраў! Але ж на Беларусі выдатны асветнік і апостал навукі, як называлі дона Ігнасіо чылійскія газеты, на жаль, вельмі доўга быў вядомы не настолькі шырока, як таго хацелася б, а многія даведачныя выданні аддавалі яго выключна польскай або чылійскай навуцы… На вялікі жаль, мы, беларусы, і сёння робім далёка не ўсё, што належала б, дзеля ўшанавання і папулярызацыі асоб, якімі іншая нацыя ганарылася б як нацыянальнымі героямі. Калі казаць пра таго ж Дамейку, то паводле даследаванняў былога пасла Польшчы ў Чылі, прафесара Здзіслава Яна Рына, сёння ў свеце налічваецца каля васьмідзесяці (!) найменняў, звязаных з іменем нашага земляка. І толькі тры-чатыры з іх маюць беларускую «прапіску».

Дарэчы, наконт веравызнання і беларускасці Дамейкі. Можа каму і рэжа слых імя Ігнацы, але ж быў ён каталік, а таму перайменаванне, перахрышчванне яго ў Ігната або ў Ігнація лічу нелагічным і непрымальным. Сам ён, як і ягоныя славутыя сучаснікі Адам Міцкевіч ды Тадэвуш Касцюшка, прызнаваў сябе за ліцвіна і быў гарачым патрыётам роднай зямлі. Добра ведаў мову, на якой гаварыў просты люд Наваградчыны ды Лідчыны, але ж лёс наканаваў яму часцей карыстацца польскай, французскай і іспанскай мовамі, меней — английскай і нямецкай, а таксама латынню, што цалкам натуральна для вучонага-прыродазнаўцы. Веданне Дамейкам некалькіх моў вельмі сімпатычна мне як філолагу і літаратару. А як у мастака выклікае маю сімпатыю здольнасць Дамейкі да малявання — згадаць хаця б аўтапартрэт вучонага або ягоныя малюнкі ў лістах да сяброў-філаматаў.

Заслугі Дамейкі, ганаровага сябра некалькіх нацыянальных акадэмій, перад сусветнай навукай і асветай неацэнныя і неаспрэчныя. Але прывабліваюць мяне і надзвычай высокія чалавечыя, маральныя якасці Ігнацага Іпалітавіча. Да прыкладу, на працягу сямнаццаці гадоў абіралі яго рэктарам Чылійскага універсітэта, але ён адмовіўся ад гэтай пачэснай пасады ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны, якую Чылі навязала суседняй Перу з-за памежных тэрыторый, багатых на карысныя выкапні.

Наш зямляк шырока вядомы за мяжою, а найперш у Польшчы, Францыі, паўднёваамерыканскіх краінах. У Чылі ён нават з’яўляецца нацыянальным героем, а дзень яго смерці быў абвешчаны ў далёкай ад нас краіне днём нацыянальнай жалобы і смутку. У Сант’яга яму пастаўлены помнік з надпісам «Гран эдукатар», што ў перакладзе з іспанскай мовы азначае «вялікі асветнік». У яго гонар быў выбіты нават памятны медаль. Нам жа пра помнік выдатнаму вучонаму і асветніку пакуль застаецца толькі марыць!

Затое з медалём надарыўся ў мяне амаль анекдатычны выпадак. Адзін знаёмы журналіст і заўзяты калекцыянер убачыў ксеракопію майго партрэта Дамейкі, на якім вучоны ўганараваны лаўровым вянком, і дужа зацікаўлена і ўсур’ёз дапытваўся, калі гэта на Беларусі паспелі выпусціць юбілейны медаль і як гэта ён прапусціў такую падзею. Мне ж адно толькі заставалася казаць, што быў бы зусім не супраць, калі беларуская дзяржава выпусціла б памятны медаль і ганарыўся б, калі ў якасці асновы ці эскіза ўзялі б менавіта мой малюнак.

Сёлета пашчасціла памаляваць і пафатаграфаваць на радзіме Ігнацага Дамейкі — у жніўні здолелі выбрацца на пленэр са спадаром Міколам Купавам. Праехалі па маршруце Менск–Ішкальдзь–Паланэчка–Мір–Менск. Пабачылі на свае вочы знакаміты ішкалдскі Троіцкі касцёл-крэпасць, збудаваны яшчэ ў 1472 годзе (за два дзесяцігоддзі да нараджэння Скарыны!), падзівіліся ў Паланэчцы на выдатныя абразы ў касцёле, у якім верагодна быў ахрышчаны немаўляткам Ігнацы. А ў Медзвядцы пагаманілі з вяскоўцамі, што паператвараліся адначасна ў Томаў Соераў і заўзята фарбавалі новыя штыкетнікі, з ласкі дырэктара базавай школы-садка Васіля Іванавіча Хіневіча пабывалі ў музейчыку Дамейкі. Падчас гаворкі ўзнікла ідэя, што ў адным з ацалелых будынкаў сядзібы трэба было б стварыць музей вызвольнага паўстання 1830–1831 гг., найменш знанага з трох, што адбываліся пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з перыядычнасцю ў трыццаць гадоў! Засмуціла ж тое, што пры падмурку маёнтка Дамейкаў бруднавата і няма аніякага, нават самага сціплага памятнага знака, а яшчэ болей тое, што ў савецкі час, перад другой сусветнай былі знішчаны, зруйнаваны дарэшты надмагільныя помнікі родных братоў Ігнацага Адама і Казіміра, пахаваных побач з іх жонкамі.

Асоба Ігнацага Дамейкі для мяне — рэнесансавая, адраджэнцкая. На карысць гэтага сведчыць нават тое, што сфера яго інтарэсаў і пазнанняў надзвычай шырокая і разнастайная. Пра яго немагчыма сказаць адным словам. Гэта і вучоны, і даследчык, і асветнік, і гуманіст… У гэтым сэнсе Дамейку можна смела, не баючыся перабольшвання, называць прадаўжальнікам традыцый такіх адраджэнцаў, як Леанарда да Вінчы або Францішак Скарына. Гэтая постаць — рознабаковая, невычарпальная, а ў нечым загадкавая і нават містычная. Прыцягвае яна людзей самых розных заняткаў — школьнікаў, журналістаў, навукоўцаў, мастакоў. Нават пішуць пра Дамейку людзі розных узростаў, нацыянальнасцяў і прафесій. Гэта і знакаміты энцыклапедыст, даследчык літаратуры і культуры Адам Мальдзіс, і географ Валерый Ярмоленка, і дыпламат Здзіслаў Ян Рын, і архівіст Мікола Бандарэнка, і мінералог Альберт Багдасараў, і перакладчык Здзіслаў Сіцька. У кожнага інтэлігентнага чалавека Дамейка свой, кожны знаходзіць з ім адметныя пункты судакранання. Некалькіх сваіх знаёмых я выпрабоўваў прамаўленнем слова-пароля «Дамейка» і пераканаўся ў гэтым.

Знаёмы літаратар разгарнуў цэлую навэлу вакол прачытанай ім у карэліцкай раённай газеце «Полымя» абвесткі аб продажы каровы па адрасе: вёска Медзвядка, вуліца Дамейкі.

Лінгвіст-іспаніст казаў, што аж пяць краін падавалі ў ЮНЕСКА заяўку на абвяшчэнне сёлетняга года годам Дамейкі, ды абураўся, што сярод іх была і Расія. Расія, якая рвала на кавалкі радзіму вучонага, Расія, якая рукамі знанага генералісімуса Суворава патапіла ў крыві вызвольнае паўстанне, Расія, якая зрабіла Дамейку выгнаннікам і межы якой ён асмеліўся перасекчы, толькі калі стаў сусветна вядомым!

Гісторык з нямецкімі каранямі згадаў, што яшчэ падчас вучобы ў Парыжы Дамейка адкрыў з сябрамі-студэнтамі радовішчы вугалю ў Эльзасе, на мяжы Нямеччыны з Францыяй.

Кінадакументаліст цяжка ўздыхаў, што так і не здолеў здабыць грошай на фільм пра Дамейку, хаця за некалькі гадоў назапасіў процьму матэрыялу, а грунтоўны сцэнарый даўно напісаны.

Банкаўскі супрацоўнік расказаў нібыта па сакрэце, што Нацбанк выпусціць унікальную юбілейную манету, сапраўдны падарунак нумізматам — з кавалачкам каменя ўсярэдзіне, коштам пад 100 еўра і з магчымасцю вольнага вывазу за мяжу.

Галоўны рэдактар газеты для турыстаў успомніў, як калісьці на тэлевізійным шоу — конкурсе маладых палітыкаў — прамаўляў спіч да чылійскага народу і казаў, што беларусы ведаюць Чылі не толькі дзякуючы дыктатару Піначэту і ягонаму крываваму перавароту. Марыў ён і пра тое, каб не імкнуўся беларус да стодоларавага месячнага заробку, а на сумленна заробленыя тысячы долараў або еўра мог дазволіць сабе падарожнічаць па паўднёваамерыканскім мацерыку, прайсці сцяжынамі Дамейкі, аддаць вучонаму даніну павагі пры помніку ў чылійскай сталіцы.

Карыфей графікі пагадзіўся са мною, што менавіта Парыж зрабіў з Дамейкі вучонага, як зрабіў ён пазней вялікага мастака з малавядомага каталанца Пабла Пікаса, з захапленнем гаварыў пра мастацкія вартасці шкіцоў і дакументальную каштоўнасць замалёвак Дамейкі, пра выставу творчай суполкі мастакоў да юбілея вучонага.

А я сёння ўдзячны вялікаму вучонаму, даследчыку і асветніку найперш за тое, што падахвоціў ён мяне сесці поруч з дачкою Хрысцінаю і зноў маляваць, зноў прымаць удзел у мастацкіх выставах, а таксама рыхтаваць новую кнігу прозы, у якой абавязкова будзе змешчана і эсэ «Мой Дамейка».

1. Герб роду Дамейкаў — Дангель. Таніраваная папера, аловак, шарыкавая асадка

2. Маёнтак Медзвядка напрыканцы ХІХ стагоддзя. Папера, аловак, шарыкавая асадка

3. Маёнтак у Медзвядцы. Папера, пігментная (тэхнічная) асадка

4. Маёнтак у Туганавічах. Папера, пігментная (тэхнічная) асадка

5. Ігнацы Дамейка. Папера, аловак, шарыкавая асадка

6. Гмахі Чылійскага універсітэта ў Сант’яга, рэктарам якога быў І. Дамейка. Папера, аловак, шарыкавая асадка

Малюнкі Уладзіміра Сіўчыкава


Uladzimir Siǔčykaǔ

My Damiejka

The personage of Ihnat Damiejka is that of Renascence. It is impossible to describe him in one word. He was a scientist and a researcher, an enlightener and a humanist… One can unhesitatingly name him a successor of  such famous people of  Renascence as Francišak Skaryna or Leonardo da Vinci. His figure attracts people of different nationalities, of different ages and of different lines of work like students, journalists, scientists, artists and so on. Every intelectual person has his or her own Damiejka and everybody finds common grounds with him.