|
Скарынаўскі
Цэнтр - выданні:
Беларусь–Япония = Belarus–Japan: Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча, Мінск–Астравец, 9–10 кастрычніка 2002 г. Аляксей
Мікуліч, віцэ-прэзідэнт Грамадскага аб’яднання
«Міжнародная асацыяцыя беларусістаў»tc
"Аляксей Мікуліч, Сёння мы праводзім Другія беларуска-японска-расійскія чытанні, прысвечаныя памяці нашага слыннага суайчынніка Іосіфа Гашкевіча. Частка яго свядомага жыцця, фарміраванне як асобы прайшлі спачатку на поўдні Мінскай губерні і ў Мінску, а потым у вёсцы Малі каля Астраўца на Віленшчыне (цяпер гэта Гродзенская вобласць). У працяг Першых чытанняў мы зноў сабраліся разам, каб другі раз увекавечыць памяць I. Гашкевіча. Вельмі коратка прыгадаю калегам, што ўжо зроблена ў гонар вядомага асветніка ў апошняе дзесяцігоддзе. Першыя Міжнародныя гістарычна-краязнаўчыя чытанні аб жыцці і дзейнасці вучонага і дыпламата, гісторыі і сучасным стане звязаных з ім мясцін былі праведзены ў Астраўцы ў 1995 г. — пасля ІІ кангрэса беларусістаў. У 1997 г. у Мінску выдадзена кніжка з матэрыяламі гэтай сустрэчы пад назвай «Беларусь–Расія–Японія». Публікуюцца ў «Кантактах і дыялогах» артыкулы пра Японію. Паступова наладжваецца беларуска-японскі ўзаемапераклад. Ствараецца база дадзеных пра беларуска-японскае культурнае ўзаемадзеянне. Прэзідэнт МАБ А. Мальдзіс па запрашэнню Міністэрства замежных спраў Японіі ў мінулым годзе наведаў Краіну ўзыходзячага сонца, аб чым падрабязна распавёў у скарочаным варыянце «Японскага дзённіка», надрукаванага ў 1–2 нумары штомесячніка «Кантакты і дыялогі» за 2002 год. Паважаныя сябры, калегі, высокія госці! Вам болей за мяне вядомы заслугі Іосіфа Гашкевіча ў гісторыі. Ён пакінуў значны плён у гуманітарнай сферы. Прыгадаю тут па аналогіі: мы толькі што адзначылі двухсотыя ўгодкі народзінаў Ігнацага Дамейкі з-пад Міра, цяпер сусветнавядомага вучонага і асветніка Чылі. Узгадаем таксама Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшку, іншых слынных сыноў Беларускай зямлі. Усе яны з таго часу. Генетычныя магчымасці спадчыны былога Вялікага Княства Літоўскага для моладзі канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя, на жаль, не маглі рэалізавацца на радзіме. Не дзеля пратакола, але ўсё ж прывяду старонку з асабістага радаводу. Мой прадзед Ігнат Мікуліч, прапраўнук Манеца Мікуліча, з’ехаў на работу ў Амерыку. Вярнуўшыся, дакупіў зямлі і пашы, ажаніўся і працягнуў наш род. А за яго «замежныя», зусім недакладныя, словы, як «во, цу, мар, ю», мяне, маіх сыноў і ўнукаў у роднай вёсцы Жарабковічы і цяпер называюць па мянушцы Кацумаравымі дзецьмі. Перапрашаю за такое лірычнае адступленне. Пераходзім непасрэдна да праграмы Другіх беларуска-японска-расійскіх гістарычна-краязнаўчых чытанняў, прысвечаных Іосіфу Гашкевічу, каб і надалей плённа развіваць нашы грамадска-культурныя сувязі. Дазвольце прывітаць усіх замежных і беларускіх гасцей, удзельнікаў нашых чытанняў! |
||||||||||||||